Андрэю Шарэнду суд прызначыў 15 сутак арышту



 Суд Маскоўскага раёна Берасця 6 студзеня вынес рашэнне па справе паводле ч. 3 арт. 23.34 КоАП актывіста грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэя Шарэнды. На судовае пасяджэнне актывіст не прыйшоў, яго інтарэсы прадстаўляў адвакат.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, суд прызнаў Шарэнду вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 8 лістапада ў Менску і прызначыў пакаранне ў выглядзе 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Падставай для абвінаваўчай пастановы стаў размешчаны ў сацыяльнай сетцы фотаздымак з акцыі пратэсту, на якім быў Шарэнда.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста ўвечары 29 снежня ў Берасці ля пад’езда яго дома. Шарэнду даставілі ў Ленінскі РАУС і змясцілі ў ІЧУ. Падставай для затрымання стаў бел-чырвона-белы сцяг на балконе кватэры, дзе пражывае з сям’ёй актывіст. 1 студзеня за гэта правапарушэнне Шарэнду было вынесена папярэджанне.

З ІЧУ яго не выпусцілі і затрымалі за ўдзел у акцыі 8 лістапада ў Менску. 4 студзеня Шарэнду даставілі ў суд Маскоўскага раёна, які пачаў разглядаць адміністрацыйную справу па гэтым факце.

На судовым пасяджэнні Шарэнда заявіў хадайніцтвы аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб прадастаўленні адваката. Яны былі задаволеныя. Наступнае пасяджэнне было прызначанае на 6 студзеня. Актывіста вызвалілі з-пад варты.

Раней Андрэя Шарэнду неаднаразова судзілі за ўдзел у акцыях прыхільнікаў перамен і каралі адміністрацыйным арыштам.

belapan.by