Андрэю Шорцу падарылі майку з відамі ушчыльненай сталіцы



Ініцыятыўная група жыхароў Менска перадала старшыні Менгарвыканкама Андрэю Шорцу падарункавы набор і адкрыты зварот супраць ушчыльнення сталіцы.

Падарункавы набор складаецца з кубкаў з выявай «ўшчыльненага» Менска, футболкі і паштоўкі. Разам з падарункам кіраўніку горада перададзена і зварот супраць далейшага ўшчыльнення сталіцы, які складаецца з 12 пунктаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Так, у звароце адзначаецца, што ўшчыльненне вырабляецца без уліку інтарэсаў жыхароў Менска, у якіх у выніку «адбіраюць прастору для жыцця, дзейнасці, адпачынку».

«Мы за рацыянальнае выкарыстанне зямель – будуйце на пустках, на месцы старых будынкаў, але хопіць адбіраць у дзяцей двары, у сталых людзей – скверы, у моладзі – стадыёны», – адзначаецца ў звароце.

На думку жыхароў, „Менску хапае гандлёвых цэнтраў і офісаў, але не хапае сквераў, спартпляцовак, адкрытых стадыёнаў, дзіцячых садкоў, школ».

«Горад – гэта не бетонныя джунглі без зялёных зон. Менску не трэба больш кварталаў са звышшчыльнай шматпавярховай забудовай», – адзначаецца ў лісце.

«Нам не патрэбныя ілжаінвестары, якія нажываліся на спусташэнні гарадскога асяроддзя, захопе грамадскіх і зялёных прастор, якія выжываюць з ўладкаваных месцаў людзей, вытворчасці, зеляніну. Нам патрэбныя інвестары, што будуюць фабрыкі і заводы; ствараюць у іх высокатэхналагічныя, высокааплатныя вытворчыя працоўныя месцы», – гаворыцца ў звароце да кіраўніка Менгарвыканкама.

На думку аўтараў звароту, прыватны сектар варта захаваць і «дазволіць людзям жыць так, як яны самі таго хочуць, бо маюць на гэта законнае права». Для масавага будаўніцтва шматпавярховак хапае зямлі за кальцавой, лічаць аўтары звароту.

«Развівайце гарады-спадарожнікі. Мы павінны перадаць сваім дзецям не бетоннае гета, адкуль яны будуць бегчы, а горад-сад, дзе яны будуць жыць», – рэзюмуюць аўтары звароту.

Падтрымаць гэтую петыцыю можа любы жыхар Менска.