Андрусь Цянюта не дамогся ўзнаўлення ва ўніверсітэце
Маладафронтавец з Гомеля Андрусь Цянюта не дамогся ўзнаўлення ва ўніверсітэце. Суддзя Цэнтральнага раённага суда Вольга Казлова адхіліла скаргу адлічанага студэнта на альмаматэр. Паводле адваката Пятра Барысава, універсітэт дапусціў некалькі сур’ёзных працэдурных парушэнняў, адлічваючы Андруся Цянюту.
– Мы лічым, што пашырана вытлумачаны правілы ўнутранага працоўнага распарадку. На наш погляд, гэта лакальны прававы акт, ён павінен распаўсюджвацца толькі на паводзіны чалавека ва ўніверсітэце і ў рамках адукацыйнага працэсу. А тут атрымліваецца, што чалавек здзейсніў адміністрацыйныя правапарушэнні не ў вучэбны час і не ў універсітэце, і яго за гэта яшчэ прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці.
Андрусь Цянюта не здзіўлены такому рашэнню суда:
– Для мяне галоўнае, каб яны ведалі, што за кожнага студэнта ім прыйдзецца прайсці праз суд. З універсітэта былі выключаныя і іншыя студэнты. Гэта ўжо цэлая сістэма. Яны сцвярджаюць, быццам мяне выключылі не за палітыку, але калі выключана некалькі чалавек, то гэта ўжо сістэма.
Актывіста “Маладога Фронту” Андруся Цянюту адлічылі з юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны з-за наяўнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з ягонай грамадскай дзейнасцю.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель