Анджэй Дуда прапануе кампенсацыі палякам, дэпартаваным у СССР
Анджэй Дуда ўнёс у Сейм праект закону па прадастаўленні грашовай дапамогі грамадзянам, якія ў 1939-1956 гадах былі дэпартаваныя ў СССР, паведамляецца на афіцыйным сайце прэзідэнта Польшчы.
Законапраект прадугледжвае выплату пацярпелым дапамогі ў памеры, які будзе залежыць ад часу ссылкі. За кожны поўны месяц рэпрэсій яны атрымаюць па 200 злотых (больш за 46,5 еўра). Агулам дапамога не павінна быць меншая чым 2 400 злотых (амаль 559,5 еўра).
Пра памер грашовай дапамогі, якую можа атрымаць дадзены грамадзянін, будзе вырашаць Фонд сацыяльнага страхавання.
Дапамогай змогуць скарыстацца як людзі, дэпартаваныя з тэрыторыі Польшчы ў Савецкі Саюз, так і тыя, хто нарадзіўся ў выгнанні.
Для таго, каб атрымаць дапамогу, ссыльным неабходна будзе выканаць пэўныя ўмовы. Па-першае, яны павінны прадаставіць адпаведнае пасведчанне аб тым, што былі дэпартаваныя й знаходзіліся ў выгнанні. Па-другое, у момант падачы заявы на атрыманне дапамогі яны павінны мець польскае грамадзянства.
Фота: Domena publiczna, wikimedia.org