Анджэй Пачобут: Для уладаў «Белсат» больш прымальны, чым польскае тэлебачанне



Вядомы журналіст, дзеяч Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут выказаўся наконт магчымасці ўключэння польскага тэлебачання ў пакет беларускіх кабельных сетак.

Андрэй Пачобут

Прэс-сакратар польскага ўраду распавёў пра сустрэчу прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла з дырэктаркаю «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы, паведаміў belsat.eu.

«Цягам бліжэйшага месяца не будзе ніякіх зменаў адносна тэлеканалу «Белсат». За гэты час будзе распрацаваная новая кампрамісная формула тэлебачання», – паведаміў Рафал Бахэнэк.

Нагадаем, МЗС Польшчы планавала скараціць бюджэт «Белсату» больш як на дзве траціны – з 17 да 5 мільёнаў злотых. У сваю чаргу беларускія ўлады не выключалі магчымасці ўключэння польскага тэлебачання ў пакет беларускіх кабельных сетак.

«Палітыка беларускіх уладаў у дачыненні да польскай меншасці – асіміляцыя, — кажа Анджэй Пачобут. — Гэта бачна па жорсткіх абмежаваннях, якія ставяцца для адукацыі на польскай мове. Таму не думаю, што польскае тэлебачанне мае шанцы быць даступным на тэрыторыі Беларусі».

Са слоў Пачобута, «як ні парадаксальна, але для ўладаў «Белсат» больш прымальны, чым польскае тэлебачанне».

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя