Анджэй Пачобут другі раз стаў журналістам году ў Польшчы
Палітвязень Анджэй Пачобут, які па-ранейшаму знаходзіцца ў лукашэнкаўскай турме, атрымаў галоўную журналісцкую прэмію Польшчы.
У Польшчы прайшла ўрачыстая цырымонія Grand Press 2021, на якой Анджэя Пачобута прызналі „Журналістам году-2021”. Гэта ўжо другое такое прызнанне для журналіста, папярэдні раз яго ўзнагародзілі гэтай прэміяй у 2011 годзе, паведамляе Radio ZET.
Намеснік галоўнага рэдактара „Gazety Wyborczej” Яраслаў Курскі, які атрымаў узнагароду ад імя Пачобута, сказаў, што сітуацыя з журналістам ёсць „сведчаннем таго, што свабода слова не мае цаны і не падлягае абмеркаванню”.
Таксама сёлета ў жніўні Пачобута завочна ўзнагародзілі ў Польшчы Медалём свабоды слова.