Анджэй Пісальнік: Трэба пісаць лісты і шырэй даваць інфармацыю пра вязняў
“Палітвязням трэба пісаць лісты і высылаць тэлеграмы, нават калі няма пэўнасці, што яны дойдуць. Таксама трэба як мага шырэй даваць інфармацыю пра вязняў і ўмовы іх утрымання”, – кажа рэдактар сайту znadniemna.pl і сакратар праўлення Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пісальнік.
Ён прыводзіць прыклад старшыні Саюза Анжалікі Борыс, калі агалошванне інфармацыі прывяло да паляпшэння сітуацыі ў зняволенні:
– Калі ёй удалося перадаць сваімі каналамі і шляхамі, што сітуацыя ў гэтай вязніцы такая, што яна не мае месца дзе спаць (была такая інфармацыя каля месяца таму, калі іх пераводзілі ў Жодзіна), то калі мы гэтай інфармацыі далі шырокі розгалас, то праз некалькі дзён яе перавялі ў іншую камеру, дзе ў яе ўжо было месца для спання.
Нядаўна стала вядома, што ў зняволенні Анджэй Пачобут заразіўся каронавірусам, а Анжаліка Борыс мела праблемы з сардэчным рытмам. Анджэй Пісальнік кажа, што чым больш увагі да вязняў звонку, тым лепшае стаўленне да іх у зняволенні:
– Усё роўна, адміністрацыя вязніцы будзе ведаць, што да гэтых людзей піша шмат асобаў. Гэта кажу дзеля таго, каб думка, што “ліст і так да адрасата не дойдзе”, не стрымлівала нас у жаданні дапамагаць нашым сябрам. Лісты і так пісаць трэба. Чым больш гэтай карэспандэнцыі, тым іншае стаўленне адміністрацыі вязніцы.
Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс была затрыманая сёлета 23 сакавіка, а сябра праўлення арганізацыі і журналіст Анджэй Пачобут – 25 сакавіка. Іх падазраюць у “распальванні варожасці”, цяпер яны ўтрымліваюцца ў Жодзіне. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.
Цалкам матэрыял:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя