Анджэліка Борыс – новая старшыня незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі
У ходзе бурлівых дыскусій і абмеркаванняў на дэмакратычных выбарах ІХ з’езду СПБ перамагла Анджэліка Борыс.
Новая старшыня адзначае, што на новай пасадзе ў першую чаргу будзе працаваць над паднясеннем аўтарытэту арганізацыі, пашырэннем польскай адукацыі, узмацненнем рэгіянальных кропак, а таксама дабівацца легалізацыі саюза.
Кажа Анджэліка Борыс:
— Улады павінны змяніць падыход да Саюза Палякаў. Гэта не палітычная партыя. Не можа такога быць, што сёння не можа прысутнічаць наш капелан, бо на яго ціснуць. Так не павінна быць, каб старшыня у Ваўкавыску не магла ўвайсці ў школу, бо яе не пускаюць, бо яна вораг ці хто. Пра што тут казаць? Пакуль гэта не зменіцца я не бачу ніякіх далейшых крокаў.
Былы старшыня Саюза Палякаў Мечыслаў Яскевіч прызнае сваю паразу і адзначае, што для яго галоўным застаецца справа арганізацыі:
— Як спартовец я ведаю, што заўсёды нехта выйграе, а нехта прайграе. Тут галоўнае каб выйграла агульная справа. Я заўсёды кажу, што час абавязкова пакажа, хто ёсць хто.
На выбары Саюза палякаў з’ехалася каля двухсот членаў арганізацыі з розных рэгіёнаў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: belsat.eu