Анекдот у віцебскім абласным судзе: штраф прысудзілі не таму чалавеку



Суддзя абласнога суда Яўген Буруноў адправіў на новы разгляд  у суд Чыгуначнага раёна адміністрацыйную справу трохмесяцовай даўніны. Яшчэ ў чэрвені міліцыянты склалі пратакол на праваабаронцу Ірыну Траццякову – за тое, што яна нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Але далучылі да справы фотаздымкі зусім іншага чалавека – блогеркі Алены Янушкоўскай.

Падобна, суддзя Алена Грабянчук нават не паглядзела справу, калі вынесла пастанову пра штраф, кажа праваабаронца Ірына Траццякова:

– Мы знаёмыя з гэтай суддзёй, і яна не стала нават гартаць справу, інакш бы ўбачыла, што тая Траццякова – зусім не Траццякова! Анкетныя дадзеныя мае, пашпарт мой, а ўсё астатняе – не пра мяне! Прыкладам, скрыншоты, фотаздымкі, дзе напісана “Траццякова буйным планам”. А там не я! Усе матэрыялы справы сабраныя пра іншага чалавека.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Віцебская блогерка Алена Янушкоўская не разумее, як такое магло атрымацца, бо жанчыны абсалютна не падобныя адна да адной:

– Проста ўсё вырашаецца “зверху”, і суддзі нават не знаёмяцца са справамі. Калі сказалі пакараць, то ўсё – пакаралі. Як можна было так памыліцца, я проста не разумею. Ад гэтага і смешна, і брыдка. Чэсна, я не ведаю, чаго болей.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Алена Янушкоўская вяла стрым з ланцуга салідарнасці 19-га чэрвеня, за які пакаралі Ірыну Траццякову, і блогерку аштрафавалі таксама. Праваабаронца патрабавала скасавання сваёй адміністрацыйнай справы і прысуджанага штрафу памерам 20 базавых велічынь. Але суддзя абласнога суду Яўген Буруноў не пагадзіўся, хаця нават тэрмін адміністрацыйнай адказнасці за тыя, яшчэ чэрвеньскія, падзеі даўно сышоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск