Анэля Камбалава: 20-ыя гады нельга вырваць з нашай гісторыі



Слуцкі збройны чын адзначаецца 27 лістапада 1920 года як Дзень герояў. Слуцкі збройны чын – гэта эпізод гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Месяц цягнулася ўзброеная барацьба супраць савецкай улады на Случчыне.

Гэта быў час, калі на руінах Паўночна-Заходняга краю ідэю незалежнасці і самакіравання падтрымлівалі ўсе слаі насельніцтва, ад сялян да польскамоўнай шляхты. Пра тое, чаму вызвольная ідэя ўзнікла менавіта на слуцкай зямлі і як праходзіла кароткая і трагічная ў гісторыі Беларусі дзея, размаўляем з госцем Рацыі – грамадскай актывісткай, сябрам руху «Дзея», сябрам ТБМ у Баранавічах Анэляй Камбалавай.

РР: Слуцкае паўстанне, спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі, адбылося ў лістападзе-снежні 1920 года. Месяц слуцкія ўзброеныя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, аказвалі супраціў савецкім войскам. Чаму паўстанне здарылася менавіта на Случчыне?

Анэля Камбалава: Слуцкі збройны чын – гэта вялікая падзея для слуцкай зямлі, але ў нашым гераічным змаганні за Беларусь гэта толькі адна старонка. Нельга вырваць 20-ыя гады з ўсёй гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Першаснай прычынай паўстання Слуцкага збройнага чыну менавіта ў 20-ыя гады была вайна Польшчы і бальшавіцкай Расеі, а таксама наступствы Рыжскай дамовы, якую варта назваць было б змовай. Бо, па сутнасці, гэта быў бандыцкі падзел нашай краіны паміж польскімі ўладамі і бальшавікамі. Паводле Рыжскай дамовы стваралася нейтральная 30-кіламетровая зона, у якой якраз і апынуўся Слуцкі павет.

Трэба адзначыць, што нічога гэтага не адбылося, каб не папярэднічала таму развіццё нацыянальнага руху ў Беларусі. Случчына як быццам была ў баку ад ваенных дзеянняў, не моцна пацярпела ад Першай сусветнай вайны, але нашыя людзі мелі зброю ў руках і моцны нацыянальны ўздым. Яшчэ ў 1918 годзе была створана Нацыянальная рада Случчыны, на высокім узроўні праводзілася праца ў слуцкай гімназіі, дзейнічалі настаўніцкія курсы і Партыя эсэраў на Беларусі – усё гэта, канешне, пасля спрацавала.

Партыя эсэсраў – гэта, можна сказаць, самая сапраўдная беларуская народная партыя. Гэта адзіная партыя, якая падтрымлівала сялянаў, праводзіла асветніцкую працу. І гэта першая партыя, якая выступіла з палітычнай ацэнкай Рыжскай дамовы. Людзі адразу зразумелі, што гэта стварае ўмовы для барацьбы за Беларусь, што ні савецкія, ні польскія ўлады не зацікаўлены ў тым, каб на нашых землях паўстала незалежная дзяржава, і што гэта толькі наша справа.

Поўную гутарку з госцем Рацыі слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя