Анкеты на візы – толькі з даведкай з месца працы
Консульства Польшчы ў Гародні пачало прымаць анкеты на візы толькі з даведкай з месца працы. Да гэтага часу толькі ў Гародні не патрабавалася даведка аб зарплаце, прыбытках або даведка з банка аб наяўнасці сродкаў на рахунку.
З панядзелка Генеральнае консульства Польшчы ў Гародні змяніла патрабаванні да дакументаў, якія прадстаўляюцца заяўнікамі на атрыманне візы, перадае «Блог Гродна». Галоўнае змяненне заключаецца ў прадастаўленні гарантый фінансавай заможнасці заяўніка. У прыватнасці, амаль па ўсіх тыпах віз патрабуецца прадаставіць да ранейшага пакету дакументаў яшчэ і сапраўдную, выдадзеную банкам даведку аб стане рахунку ці сапраўдную крэдытную карту; ці сапраўдную даведку з месца працы аб даходах за апошнія 3 месяцы.
Як пракаментаваў змены дырэктар турагенцтва «Калумбустур» Віталь Мацута, змены сапраўды пачалі дзейнічаць з гэтага панядзелка і апынуліся для дзясяткаў гарадзенцаў непрыемным сюрпрызам. Паводле яго слоў, новаўвядзенне звязана з уніфікацыяй працы ўсіх консульскіх аддзелаў Рэспублікі Польшча на тэрыторыі Беларусі.
Як адзначыў Віталь Мацута, звычайна на рахунку павінна быць сума, эквівалентная 200-300 еўра, гэтага дастаткова для станоўчага рашэння аб адкрыцці візы. Для пенсіянераў патрабуецца копія пенсійнага пасведчання і выпіска пра налічэнні пенсіі за апошнія тры месяцы. Для дзяцей і школьнікаў спатрэбіцца гарантыйны ліст ад бацькоў з прадастаўленнем любога з вышэйпералічаных дакументаў.