Анлайн-платформа Talaka аб’яўляе пра старт кампаніі „1000 праектаў для тваёй Беларусі”



Анлайн-платформа Talaka аб’яўляе пра старт кампаніі „1000 праектаў для тваёй Беларусі” (# talaka1000). Галоўнай мэтай кампаніі стане падвышэнне колькасці ініцыятыўных людзей і стварэнне імі новых 1000 праектаў. Яны будуць мяняць гарадское асяроддзе, прыцягваць інвестыцыі, развіваць стартап-экасістэму, супрацоўнічаць адзін з адным, станавіцца новымі Viber, MSQRD і Wargaming.

Talaka за 5 гадоў сваёй гісторыі дапамагла рэалізавацца сотням праектаў і сабраць больш за $450 тысяч для іх рэалізацыі. Назапашаны ўнікальны вопыт, атрыманы дзясяткі інсайтаў. Але найбольшая каштоўнасць – гэта стварэнне супольнасці „талакоўцаў”.

Для рэалізацыі кампаніі „1000 праектаў для тваёй Беларусі” краўдфандынгавая платформа Talaka.org абвяшчае старт збору на 100 000 беларускіх рублёў. У выніку з’явіцца не толькі 1000 новых праектаў, але і 3 новых сервіса платформы:

  • Cofounder Radar. Дапаможа ў знаходжанні сузаснавальніка і каманды праекта.
  • Startup Pulse. Збор сваёй аўдыторыі вакол праекта.
  • Solution Library. Апісанне ўсіх магчымых „грабель” для эканоміі часу, грошай і энергіі ініцыятыўных аўтараў.

 

«Запускаць праекты няпроста, таму шмат хто так і не робіць першы крок. Баіцца паспрабаваць, не мае запасу хода на эксперыменты, не можа знайсці падтрымкі, у першую чаргу нават маральнай. А мо не бачыць вакол людзей, што могуць стаць паплечнікамі ці параіць. Шмат якія праекты паміраюць менавіта так, яшчэ нават не нарадзіўшыся. Калі мы хацім зменаў, мы мусім мяняць сітуацыю», – распавядае заснавальнік і кіраўнік платформы Яўген Клішэвіч.

Падтрымаць кампанію „1000 праектаў для тваёй Беларусі” вельмі проста: для гэтага трэба зайсці на спецыяльную старонку і выбраць суму падтрымкі.

Беларускае Радыё Рацыя