Анонс: у перадачы “Мы Бачым” – гутарка з Палінай Сцепаненкай пра “феномен Шэрага Ката”
12-га траўня ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца працэс над шасцю палітвязнямі, у тым ліку над Змітром Казловым, вядомым пад нікам “Шэры Кот”. Ягоная блогерская дзейнасць стала асобнай сацыяльнай з’явай: нікому не вядомы хлопец з маленькага горада Барань пад Воршай заваяваў інтарэс падпісчыкаў і трансляцыямі разнастайных грамадска-культурніцкіх імпрэзаў, і стрымамі з уласных пікетаў падчас мінулай выбарчай парламенцкай кампаніі, і прамовамі на менскіх акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй. Ужо 11 месяцаў яго трымаюць за кратамі, выставіўшы крымінальнае абвінавачанне за “арганізацыю ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Для каго гэты хлопец уяўляе небяспеку і адкуль з’яўляецца нечаканая грамадская актыўнасць у людзей, далёкіх ад традыцыйных палітычных структур? Пра гэта Ганна Ліпка размаўляе з Палінай Сцепаненкай – пісьменніцай, журналісткай і зямлячкай Змітра Казлова.
Гутарку пра “феномен Шэрага Ката” слухайце ў перадачы „Мы Бачым” 9-га траўня. Пачатак а 17-30 паводле беларускага часу, а ў Польшчы на гадзіну раней, а 16-30.
Беларускае Радыё Рацыя