Аншлаг на свята БНР у Гомелі



Гомельская дэмакратычная грамадскасць адзначае ўгодкі абвяшчэння БНР у фармаце канцэрта. У арт-прасторы „Каўчэг” сабралася больш за 100 чалавек — магло прыйсці ў разы больш, але давялося абмежаваць удзел гараджан электроннай рэгістрацыяй.

Гарадскія ўлады не прадаставілі вялікай пляцоўкі для адзначэння 100-годдзя з моманту ўхвалення ІІІ Устаўной граматы, якая абвяшчала Беларусь незалежнай дзяржавай ў сакавіку 1918-га года. На святочным канцэрце ў Гомелі выступаюць бард Вальжына Цярэшчанка і гурт НРМ.

Марыя Булавінская, адна з арганізатараў святкавання, мяркуе, што пры наяўнасці вялікай залы ўдзельнікаў свята ў Гомелі было б у некалькі разоў больш.

– Калі б у нас было вялікае памяшканне, то мы маглі б пашырыць гэты канцэрт для як мага большай колькасці людзей, для самай рознай аўдыторыі. Таму што людзі цікавяцца, і многія расчараваныя, калі даведваюцца, што колькасць месцаў у нас абмежаваная. Бачна, што попыт дакладна ёсць на гэтае мерапрыемства. І шкада, што нашыя ўлады да сёння не ўсвядомілі, што, калі б не гэтая падзея, мы б зараз не мелі Рэспубліку Беларусь.

За некалькі тыдняў да 25 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэта па святкаванні Дня Волі ў Гомелі звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай аб прадастаўленні вялікай залы для арганізацыі святочнага мерапрыемства. Але заяўнікі атрымалі адмову.

 

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель