АНТ распавяло пра армію Балаховіча і „Зялёны Дуб”
Да 100-годдзя Камітэта дзяржаўнай бяспекі дзяржаўнае тэлебачанне паказала фільм „Берагчы і абараняць” (АНТ), у якім былі выкарыстаныя тыповыя ідэалагічныя штампы.
Сярод іншага, прайшліся па арміі Булак-Балаховіча ды партызанам „Зялёнага Дуба”.
„Па аператыўных дадзеных, летам 1921 года на мяжы Польшчы і Беларусі стаяла гатовая да ўварвання армія. Гэта не было перабольшваннем. Асноўнай ударнай сілай выступалі атрады Булак-Балаховіча і „Зялёнага Дуба” размешчаныя на мяжы”, – кажа закадравы голас.
Вядучы Сяргей Лапаніцын сцвярджае, што зачытвае данясенне агента „Арцыбашава” ад 25 чэрвеня 1921 года, не паказваючы пры гэтым арыгінала ці копіі дакумента:
„У раёне Маладзечна, перад фронтам Менскага раёна засяроджана да 20 тысяч штыкоў і сабель войска атмана Булак-Балаховіча, 47-ы Польскі Крэсавы полк будзе перададзены партызанам „Зялёнага Дуба”. Тры ўдарныя групы ўзброеных атрадаў на чале з атаманам Дзергачом павінны высунуцца ад межаў Польшчы да Піцера, Масквы, Арла. Праз мяжу перапраўлены 25 дыверсійных атрадаў Савінкава”.
„Гэта была тактыка – аб’ядноўваць антысавецкую апазіцыю, арганізоўваць і спрыяць падрыўной дзейнасці. Вядома, што Варшава дазволіла выкарыстоўваць 100-кіламетровую паласу ўздоўж польска-беларускай мяжы для фармавання ўзброеных банд, іх пераброскі на сумежную тэрыторыю. А па распараджэнні Генштаба для ўзбраення бандыцкіх фармаванняў толькі ў 1921 годзе было выдадзена з вайсковых складоў больш за 10 тысяч вінтовак і звыш 1 мільёна патронаў”, – сцвярджае аўтар фільма.
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя