Антон Бубала: Ніколі не хаваў сваіх поглядаў і нічога не баяўся



У пераломны час Антон Бубала стаў краязнаўцам, быў адным з асноўных аўтараў і ўкладальнікаў кнігі «Памяць. Верхнядзвінскі раён», супрацоўнічаў з мясцовай незалежнай прэсай. Ніколі не хаваў сваіх поглядаў і нічога не баяўся. А на ўрокі гісторыі, калі працаваў настаўнікам, прыносіў незалежную прэсу. А аднойчы  з калегамі ў сваёй сельскай школе ён нават  разглядаў на прафсаюзным сходзе несяброўскія паводзіны дырэктара школы, якой давялося выслухаць калегаў і выправіцца.

Ці магчыма зараз такое? Напэўна, усё ж – не, гэта ўжо нейкая фантастыка. Часы дэмакратыі мінулі, цяпер шматлікія настаўнікі, як і людзі іншых прафесіяў, лічаць, што трымаць «раты закрытымі» – гэта найлепшая якасць, каб існаваць беспраблемна: мець працу, грошы, сувязі і не мець ніякіх праблем, паўтараючы «мы ж людзі паднявольныя». Але раней настаўнікаў вельмі паважалі, ды і зносіны між імі былі нашмат лепшымі і сяброўскімі.

Як кажа Антон Бубала, ён, як і кожны беларус, на пераломе часу пачаў шукаць сябе і разумець сваё месца і месца краіны ў свеце. Тады і ўзнікла ў яго цікаўнасць да актыўных формаў дзеяння.

Прыглядаліся адно да аднаго, там-сям, нешта ўжо бруіць: жывінкі, ручаінкі. І, напэўна, кожнаму хацелася прычасціцца (далучыцца) да таго. Тады я пачаў актыўна супрацоўнічаць з мясцовымі суполкамі і з часам я знайшоў і зразумеў сваё месца. Тады хацелася некага падняць, штосьці напісаць, у кагосьці прыцэліцца. Напэўна, усе тады хацелі. А паціхеньку ўсё ж наша грамадства гнулі, гнулі і дагнулі. І зараз, напэўна, такімі наскокамі нічога не вырашыцца.

Больш падрабязнасцяў пра жыццё і дзейнасць на карысць грамадства краязнаўцы, настаўніка і паэта з Верхнядзвінска Антона Бубалы слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя