Антон Шаранкевіч: Сёння адбываецца беларусізацыя 2.0
Як існуе сёння бізнес з беларускім каларытам? Што карыстаецца найбольшым попытам у турыстаў, а што ў “сваіх”? Ці можа крама паўплываць на пашырэнне беларускай мовы?
Пра гэта з супрацоўнікам гарадзенскай этнакрамы “Цудоўня” Антонам Шаранкевічам паразмаўляла Ганна Комінч:
РР: Ці прыбавілася ў вас кліентаў пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму?
– З увядзеннем бязвізавага рэжыму на тэрыторыі Беларусі, колькасць турыстаў з Польшчы, Літвы і нават з Нямеччыны, з Чэхіі павялічвалася. Прычым з кожным летам, з кожным сезонам іх становіцца ўсё болей. Канешне большасць турыстаў цікавяць звычайныя простыя сувеніры кшталту магніцікаў ці чагосьці простага. Але пэўная колькасць з іх цікавіцца і беларускімі традыцыйнымі вырабамі, этнаграфіяй, керамікай, якую ў той жа Польшчы ці Нямеччыне складана знайсці, а калі яна ёсць, то каштуе нашмат даражэй. Ім самім прыемна даведацца пра гісторыю рамяства, ім цікава даведацца пра самі вырабы, пра людзей, якія іх робяць. Напэўна з-за гэтага яны завітваюць у Гародню ў этнакраму „Цудоўня”.
РР: Ці карыстаюцца попытам вышыванкі, ці расце попыт? Хто больш іх купляе?
– Сёння адбываецца беларусізацыя 2.0, яна працягвае ісці па Беларусі такімі маленькімі, але ўпэўненымі крокамі. Кожны беларус пачынае разумець сваю беларускасць, ён хоча сябе неяк адзначыць. Ён спрабуе зрабіць гэта вышыванкай ці вышымайкай. Сярод турыстаў гэта форма адзення карыстаецца попытам. У большасці гэта канешне ж польскія турысты. Але беларусы, якія едуць да сваіх сваякоў у Злучаныя Штаты Амерыкі, яны заходзяць, каб у падарунак набыць ім вышыванку. Як не дзіўна, турысты, якія прыязджаюць з Расеі – з Масквы і Санкт-Пецярбургу, з кожным летам іх становіцца ўсё болей. Яны неяк таксама пачынаюць цікавіцца беларускай культурай і таксама сабе набываюць вышымайкі. Наконт кошту, то ён на вышыванкі на сённяшні дзень высакаваты для беларускага спажыўца. Гэта абумоўлена тым, што не шмат фірмаў, не шмат людзей, фабрык займаюцца вытворчасцю гэтай прадукцыі. Напрыклад, наша крама спрабуе рабіць самую мінімальную нацэнку на такія вырабы, каб гэта было дасяжна беларусу. Будзем спадзявацца, што з кожным годам выраб вышыванак, вышымаек будзе павялічвацца, чым паўплывае на зніжэнне кошту.
РР: Хутка будзе сезон летніх зніжак, ці вы таксама парадуеце вашых кліентаў?
– Мы не толькі ў летні перыяд, не толькі ў турыстычны перыяд, але мы штодзённа, штотыднёва спрабуем неяк папулярызаваць беларускасць, у тым ліку зніжкамі. У нас пастаянна зніжка для тых, хто з намі размаўляе па-беларуску. Пастаянна дзейнічаюць зніжкі на розныя вырабы. Напрыклад, панядзелак у нас зніжка на керамічныя вырабы, у аўторак у нас зніжка на адзенне і г. д. Штомесяц у летні перыяд штотыдзень будзе дзіцячая зніжка, каб у летні перыяд дзеці чыталі. У нас сістэма лаяльнасці да кліентаў працуе такім чынам.
РР: Ці плануеце вы пашыраць асартымент сваёй крамы?
– Зразумела, што з кожным сезонам мы прыдумляем штосьці новае. Напрыклад, у мінулым сезоне мы запусцілі сваю лінію адзення, якую самі распрацавалі і самі зрабілі. Адзін чалавек распрацоўвае дызайн, нашыя майстры дапамагаюць нам шыць адзенне па нашым распрацоўкам. На летні сезон мы запускаем серыю цішотак прысвечаных беларускай міфалогіі. Што тычыцца іншых накірункаў, то тут пастаянна ўдасканальваюцца керамічныя вырабы. Пару гадоў мы чакалі і нарэшце зрабілі дзіцячую палічку. Дзіцячыя цацкі зроблены нашымі майстрамі. Музычная палічка традыцыйных беларускіх інструментаў таксама заўсёды павялічваецца. З кожным годам з’яўляецца нейкі новы накірунак, з’яўляюцца новыя майстры, якія могуць прапанаваць штосьці новае.
Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
З госцем “Рацыі”, гандляром гарадзенскай этнакрамы “Цудоўня” Антонам Шаранкевічам размаўляла Ганна Комінч.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня