Антон Янкоўскі: Перавыдадзім “Паўстанцаў” да перапахавання Каліноўскага



Гарадзенец Антон Янкоўскі, аўтар знакамітай гульні “Паўстанцы”, збірае грошы на рэдызайн ці перавыпуск гульні ў новым выглядзе.

Пра адметнасць новых “Паўстанцаў” кажа Антон Янкоўскі:

– Гэта новы тыраж, новая рэдакцыя гульні. За апошнія два гады мы вельмі плённа папрацавалі. У гульні з’явіўся новы дызайн – больш прывабны, цікавейшы. Калі першую гульню ў 2013 годзе мы выпускалі больш хэндмэйд матэрыял, самі шылі мяшэчкі, чахлы, карты самі выпускалі, то зараз гэта ўжо больш сур’ёзная настолка. Хоць зараз, падтрымаўшы гульню, можна таксама замовіць ільняны чахольчык, пратэктары і розныя цікавыя лоты, як, напрыклад, чорная біжутэрыя, адмысловая карта з вашым імем ці нават з імем вашага продка.

Па словах аўтара “Паўстанцаў”, гульня будзе мець і новы гістарычны складнік :

– Што тычыцца гістарычнага напаўнення, то вялікі ўклад зрабіў Аляксей Кайрыс. Мы разам з ім плённа папрацавалі. Сэнс у тым, што ў нас у гульні зараз з’явіліся карты падзеі – гэта гістарычныя даты, якія звязаныя з паўстаннем. Як гістарычныя даты, пазітыўныя для паўстанцаў, так і негатыўныя, якія ўплываюць на гульню. Кожны персанаж будзе мець акрамя біяграфіі і нейкі лозунг, які быў у той час у паўстанцаў. Напрыклад, у Каліноўскага:  “Каго любіш? – Люблю Беларусь. – То ўзаемна!”

Падтрымаць перавыданне гульні можна на адмысловым сайце кампаніі, якая і займаецца выданнем настолак ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча