Антон Янкоўскі: Раім сядзець дома ды гуляць у “настолкі”



Стваральнік знакамітых “Паўстанцаў” гарадзенец Антон Янкоўскі раіць усім сядзець падчас каронавірусу дома, што ён і робіць са сваёй сям’ёй.

– Такі няпросты час. Ну, па-першае, мы не ходзім у нейкія грамадскія месцы. Спрабуем увогуле там не з’яўляцца. Але мы часта выходзім на вуліцу, напрыклад, на Нёман гуляць, у парк выязджаем, там дзе амаль няма людзей, свежае паветра. Не ходзім у садок, не ездзім да бабуль, дзядуль. І вельмі сумна, бо даўно іх не бачылі.

На думку Антона Янкоўскага, у час хатняй ізаляцыі адной з цікавых рэчаў могуць стаць настольныя гульні.

– Што датычыць працы ў бізнэсе, то мы наадварот даем як мага больш бонусаў сваім кліентам, таму што ў гэты час мы таксама раім заставацца ў хаце. Свае гульні даем у пракат на цэлы тыдзень. Ажно тры гульні можна браць, для таго каб людзі бавілі весела час і як мага меней кудысьці выходзілі, дзесьці бывалі. У нас працуе дастаўка, можам даставіць. Добры момант у тым, што мы прапаноўваем тавар, які дапамагае бавіць час.

У Гародні агульнага каранціну, як па ўсёй Беларусі няма, аднак з-за адсутнасці кліентаў зачыняюцца кавярні і крамы.

Беларускае Радыё Рацыя