Антось Жылко: Улада мяркуе пакараць каля 25 чалавек за 8 верасня



Па словах грамадскага актывіста Антося Жылко, улады плануюць прыцягнуць да адказнасці каля 25 чалавек за ўдзел у мітынгу „Дзень беларускай вайсковай славы”, які адбыўся ў Менску 8 верасня.

Самаго Антося Жылко таксама судзілі ў судзе Партызанскага раёну Менску, як удзельніка гэтай акцыі. Падчас знаёмства з матэрыламі сваей адміністрацыйнай справы, ён і даведаўся аб агульных памерах плануемых рэпрэсій.

– Я азнаёміўся з матэрыяламі справы. Сярод іх даволі цікавы рапарт, здаецца, з Цэнтральнага РУУСа, у якім у алфавітным парадку пералічаны ўсе, каго плануюць прыцягнуць да адказнасці. Гэта каля 25 асоб. Я так разумею, што ў будучыні чакаюцца суды над гэтымі людзьмі. Гэтыя звесткі зараз перададзім праваабаронцам для распаўсюду ў СМІ. Заклікаем таксама праявіць салідарнасць з гэтымі людзьмі і папрасутнічаць на іх працэсах.

Некалькі судоў ужо адбылося. 28 верасня былі аштрафаваныя Антось Жылко – на 50 базавых велічынь і адзін з лідараў Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык на 45 базавых. Раней на 7 сутак арышту асуджаны паэт і палітык Уладзімір Някляеў, на 5 сутак – кіраўнік  Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады  Мікола Статкевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя