Антраполаг Уладзімір Шыпіла на свабодзе
20 кастрычніка з ІЧУ Жодзіна пасля 7 сутак арышту, выйшаў антраполаг Уладзімір Шыпіла. Яго сустрэлі родныя і калегі.
Уладзіміра затрымалі 13 кастрычніка пасля акцыі ля прэзідыума НАН. Калегі адразу ж вярнуліся на прыступкі ўстановы з плакатамі. 16 кастрычніка супрацоўнікі Інстытута гісторыі зладзілі акцыю ў падтрымку Уладзіміра.
За час пасля выбараў ужо чацвёра гісторыкаў з Акадэміі навук пабылі за кратамі: аспірант Сяргей Ісакаў (8 сутак), супрацоўнікі Інстытута гісторыі Андрэй Мацук (13 сутак), Уладзімір Шыпіла (7 сутак), Мікола Волкаў (3 сутак да суда, які даў штраф). Штраф у 10 базавых велічынь атрымаў яшчэ адзін работнік Інстытута гісторыі Андрэй Радаман. Яго затрымалі яшчэ 12 жніўня і выпусцілі праз суткі. Суд адбыўся толькі 20 кастрычніка. Разам гісторыкі адсядзелі больш за месяц — 32 дні. Месяц працоўнага часу, калі маглі б з’явіцца навуковыя артыкулы і кнігі. Месяц жыцця.