Антыкрызіснае ўпраўленне заклікае фіксаваць факты незаконных звальненняў



«Працоўнае заканадаўства не павінна быць рэпрэсіўным. Мы зменім Працоўны кодэкс у Новай Беларусі, каб гарантаваць правы працаўнікоў», – заявіў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч запісаў відэазварот, у якім падрабязна распавёў пра папраўкі ў Працоўны кодэкс Беларусі:

– Адзін з самых нізкіх у Еўропе заробкаў, прыніжальная кантрактная сістэма, перакос на карысць наймальніка ў  працоўным заканадаўстве, павышэнне пенсійнага ўзросту, перспектыва стаць дармаедам. Прымусовыя суботнікі і паборы, збор подпісаў і датэрміновае  галасаванне пад пагрозамі, адсутнасць умоваў для незалежных прафсаюзаў, звальненне за палітычныя погляды, загон на працу пад дубінкамі АМАПа. Сітуацыя беларускіх працаўнікоў і без гэтага даўно сумная – ні годнага прыбытку, ні павагі, ні магчымасці абараніць свае правы.

Здавалася, куды горш, але ўлады прыдумалі новыя варыянты «закручвання гаек», адзначае Арцём Праскаловіч:

– Нелегітымная ўлада прыняла папраўкі ў працоўны кодэкс, якія ўступяць у сілу ўжо з 1 ліпеня. Наймальнік зможа звальняць працаўнікоў за адміністрацыйны арышт, што стане чарговым інструментам запужвання нязгодных з самаўпраўнасцю, за ўдзел і заклікі да страйку – ці не апошняму спосабу адстойваць свае правы. Прыгэтым на страйках забароняць высоўваць палітычныя патрабаванні, якія ў нашых рэаліях пераклікаюцца з эканамічнымі. Калі вы думаеце, што  новаўвядзенні не закрануць ціхіх працаўнікоў, то памыляецеся. Трапіць на суткі за быццам бы ўдзел у вулічнай акцыі ці пікетаванні ў Беларусі можа кожны, проста апынуўшыся не ў той час і не ў тым месцы.

Ёсць варыянт лепшы, чым працягваць трываць сваё бяспраўе: спыніць беззаконне ў Беларусі, кажа Арцём Праскаловіч і заклікае пры спробе незаконнага звальнення фіксаваць па магчымасці ўсе размовы з кіраўніцтвам на аўдыё і відэа ды збіраць усе дакументальныя доказы. Новая легітымная ўлада рэабілітуе звольненых па палітычных матывах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя