Антынаркатычны артыкул: улады „за” і „супраць” зменаў



Чым тлумачыцца розніца ў пасылах улады датычна зменаў у антынаркатычным артыкуле Крымінальнага кодэксу? У Палаце прадстаўнікоў абяцаюць змякчыць пакаранні, а Міністэрства ўнутраных спраў выказваецца рэзка супраць. У тым ліку МУС кажа пра немагчымасць перагляду раней абвешчыных прысудаў па названым артыкуле. Сустрэча галадоўшчыкаў з “Матчынага руху 328” з генпракурорам то плануецца, то пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Лукашэнка ў сваю чаргу дапусціў магчымасць паслабленняў для спажыўцоў.

Сітуацыю каментуе сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

– Беларускія чыноўнікі вельмі несамастойныя. Для ўсіх людзей, якія знаёмыя з дакументамі, гэта ўсё зразумела. Таму прадстаўнікі міністэрстваў, Палаты прадстаўнікоў і пракуратуры пагаджаюцца, што закон трэба мяняць. МУС выступае супраць, таму што, па-першае, гэта яны вінаватыя ў такім шырокім распаўсюдзе спайсаў у Беларусі. Яны яго не прадухілілі. А па-другое, калі б зараз адбыўся перагляд спраў, то я думаю, што многія пазбавіліся б сваіх пасадаў. Таму што там відавочная фальсіфікацыя, часта людзі асуджаныя проста па агаворы.

Магчымыя змены ў антынаркатычнае заканадаўства таксама звязаныя з уплывам розных уладных груп на асобу кіраўніка Беларусі, – зазначае Віталь Рымашэўскі:

– У нашай краіне, на жаль, усе палітычныя рашэнні, у тым ліку і па змене заканадаўства, вырашае толькі адзін чалавек – Аляксандр Лукашэнка. І беларуская палітыка больш падобная да дварцовай палітыкі: якая група пераканае яго, якая данясе, выкладзе сваю пазіцыю, такое рашэнне і будзе прынята. І сёння ёсць толькі адна замацаваная ва ўладзе моцная група – гэта сілавыя структуры.

“Пры тым, выступаць супраць групы сілавікоў ва ўладных колах ніхто не будзе”, – лічыць Рымашэўскі. Між тым, стала вядома, што “Маці 328” з Пухавіцкага раёну і Калінкавічаў спыняць галадоўку заўтра, 11 траўня. Яны збяруцца ў Менску каля адміністрацыі Лукашэнкі, каб перадаць сваю заяву.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя