Антытэрарыстычны эксперт: На відэа ёсць выканаўца забойства Шарамета



На відэазапісе выбуху машыны Паўла Шарамета бачны выканаўца забойства. Такое меркаванне тэлеканалу Белсат выказаў польскі эксперт, былы кіраўнік аператыўнай секцыі па справах тэрактаў Аддзела па барацьбе з Крымінальным тэрорам і забойствамі варшаўскай паліцыі Анджэй Мрочэк. Цяпер – эксперт Цэнтру даследванняў тэрарызму Collegium Civitas і эксперт City Security.

Забойства Шарамета

Эксперт распавёў, што пры праглядзе відэа яму кінуўся ў вочы мужчына ў шапцы і з кійком у руках, які паводзіўся ненатуральна. Спачатку мужчына ішоў у тым кірунку, з якога ехала машына Шарамета. Потым ён дайшоў да скрыжавання і затрымаўся, нібы чакаючы, калі машына пад’едзе. У сам момант выбуху ён нават не зварухнуўся, а пасля выбуху ён левай рукой нешта паправіў, каб не выпала з кішэні. Затым мужчына пераклаў кіёк з правай рукі пад левую і пабег да ўзарванай машыны разам з іншымі выпадковымі мінакамі. Пры гэтым кіёк яму ўжо быў непатрэбны.

Ён бяжыць як малады хлопец а не як асоба, якая выкарыстоўае кіёк. Дзіўныя паводзіны. Шапка, кіёк, бегае як малады. Узнікае пытанне: ці гэты мужчына пачакаў на паліцыю і склаў сведчанні? Бо калі аддаліўся ад машыны, то ёсць верагоднасць, што ён падбег да машыны толькі каб спраўдзіць ці забойства ўдалося і ці Шарамет загінуў. Не выключана, што менавіта ён мог дэтанаваць выбуховую прыладу на адлегласці”, — разважае польскі спецыяліст.

Анджэй Мрочэк таксама мяркуе, што кіёк і шапка выкарыстоўваліся дзеля камуфляжу. Злачынствы з падобным сцэнарыем адбываліся ў Польшчы ў 1990 гадах. У такога кшталту замахах выканаўца знаходзіцца блізка і назірае, каб пацвердзіць, што ахвяра мёртвая.

Павел Шарамет быў забіты ў цэнтры Кіева раніцай 20 ліпеня.