Анжаліка Арэхва: Для нас гэта стала поўнай нечаканасцю
Намер гарадзенскіх уладаў адкрыць два, замест трох польскіх першых класаў ставіць бацькоў у далікатную сітуацыю. У планах адукацыйных чыноўнікаў сёлета адкрыць пры польскай школе адзін беларускі клас з паглыбленым вывучэннем польскай мовы. Гэта называюць новаўвядзеннем у сярэдняй школе №36 Гародні.
Каментуе такое рашэнне Анжаліка Арэхва, актывістка Саюзу палякаў у Беларусі, якая, як і іншыя бацькі дзяцей польскамоўнай школы, даведалася пра такое рашэнне толькі ў пятніцу.
– Напэўна для ўсіх гэта было нечакана, таму што гэта адзіная польская школа ў Гародні. Улады яшчэ ў 90-х гадах абяцалі пабудаваць другую за Нёманам, але да гэтай пары няма. У гэтую школу прыязджаюць дзеці з розных раёнаў Гародні і нават з Альшанкі. Таму я не разумею, чаму менавіта цяпер хочуць адкрываць, не важна, ці беларускамоўныя, ці рускамоўныя, класы ў польскай школе.
Вядома са слоў Анжалікі Арэхвы, што больш за семдзесят заявак на вучобу сваіх дзяцей па-польску падавалася сёлета бацькамі. Але гэтыя праблемы былі і раней.
– Былі праблемы з тым, што ўлады абмяжоўвалі колькасць польскіх класаў. І тады і бацькі, і Саюз палякаў стараліся, каб гэтых класаў было не менш, чым тры. У гэтым годзе, наколькі я ведаю, таксама бацькоў, жадаючых аддаць дзяцей у першыя класы ў польскую школу, адзіную ў Гародні, стаяла больш за 70 падчас прыёму заяваў.
Скарачэнне колькасці польскіх класаў коштам павелічэння на адзін беларускі – выглядае на статыстычную памылку. Бо адным класам больш, ці менш – гэты факт не зробіць, пры адсутнасці беларускіх школаў, ніякага зруху ў напрамку вяртання справядлівасці, на карысць пераводу расейскіх школаў на беларускія. На думку Анжалікі Арэхвы, такі крок уладаў, мае палітычнае адценне.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя