Анжаліка Арэхва: Ігар пакуль без працы, і яго паставілі на ўлік



Гарадзенскага музыку і актывіста Ігара Банцэра паставілі на ўлік пасля прыбыцця на Віцебшчыну, дзе ён мусіць адбыць сваё пакаранне за леташні перформанс перад міліцыянтамі.

Пра гэта паведаміла яго жонка Анжаліка Арэхва, якая даведалася пра гэта пасля тэлефанавання мужу.

– Я з ім размаўляла троху, бо з ранку ён ішоў здаваць аналізы, таму што ён мае накіраванне ў шпіталь. Але невядома, ці трапіць. Пасля абеду была камісія, яго паставілі на прафілактычны ўлік як экстрэміста. Патэлефанаваў і сказаў вельмі коратка.

Анжаліка Арэхва таксама паведаміла пра тое, што Ігар яшчэ пакуль без працы, і спрабуе легчы ў шпіталь.

– Гэта залежыць ад таго, ці будзе ён у шпіталі, ці не. Пакуль яшчэ працы ніякай не было. І не ведаю, ці ён сам будзе яе шукаць, ці яго накіруюць на нейкую працу. Тут справа залежыць ад яго здароўя. Бо са сваім гепатытам і са сваімі праблемамі са страўнікам ён павінен быць у шпіталі.

Гарадзенскага музыку Ігара Банцэра, які трымаў 16 сутак сухой галадоўкі, прызналі “палітзняволеным”, і яму яшчэ засталося адбываць 8 месяцаў на так званай ”хіміі”. Ігар перад адбыццём на “хімію” абяцаў напісаць кнігу пра свае “турэмныя інстытуты”.

Беларускае Радыё Рацыя