Анжаліка Арэхва: Ігар папрасіў у турму натарыуса



Жонка грамадскага актывіста Ігара Банцэра Анжаліка Арэхва хвалюецца за яго жыццё.

Яна атрымала ад яго адваката дзіўныя навіны, што Ігар просіць выклікаць у гарадзенскую турму натарыуса.

– Сёння адвакат прасіў перадаць яго просьбу, каб я звязалася з натарыусам, бо ён хоча напісаць тастамент. Цяпер я ўжо пачала перажываць за яго жыццё. Думаю, што ён таксама не ведае, чаму гэтая справа з’явілася. Не ведаю, што гэта адбываецца. Ці ціск на яго нейкі. Не ведаю.

Па словах Анжалікі ліставанне з Ігарам таксама вельмі дзіўнае.

– Не зразумелае для мяне адбываецца, калі ўжо справа была ў пракуратуры, ужо ў суд пайшла. Ігара пасадзілі ў карцар на пяць сутак. Хаця да гэтага ўсё добра было, сядзеў неяк ціха. Пасля яшчэ на 10 дзён у карцар. Лісты ад яго не прыходзяць – ні мне, ні дзецям, ад Навінак. Ужо чатыры месяцы ён сядзіць. Месяц у Навінках. Увогуле ніякай інфармацыі не было. А сёння адвакат сказаў, што да яго лісты таксама не даходзяць.

Актывіст Ігар Банцэр быў затрыманы больш за 4 месяцы таму – у кастрычніку 2020 году. За час пратэстовых акцый у 2020-м яго неаднаразова затрымлівалі.

Беларускае Радыё Рацыя