Анжаліка Борыс: З палякаў робяць вобраз “знешняга ворагу”



Рэпрэсіі ў дачыненні да польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі патрэбныя ўладам для стварэння вобразу “знешняга ворагу”.

Такое меркаванне выказала ў нашым эфіры старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс:

– Хто прадстаўляе гэтага знешняга ворага на Беларусі? Канешне, палякі на Беларусі. Трэба моцны ціск зрабіць на гэтага „ворага”. Вось адбываюцца кантролі пракуратуры нашых школаў, дзе вывучаецца польская мова. Самы непрыемны момант – гэта арышт адной дырэктаркі асветніцкай установы ў Берасці – Ганны Панішавай. Гэта вось такі вельмі моцны знак запалохвання нас усіх.

Анжаліка Борыс прыгадвае, што моцная антыпольская прапаганда была і ў 2005 годзе, калі ў меншасці забралі 16 польскіх дамоў, быў ціск на актывістаў нацыянальнай меншасці. “І сёння ў сітуацыі, у якой знаходзіцца краіна, мы можам толькі абараняцца”, – дадае лідарка Саюза палякаў у Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя