Анжаліка Калатазішвілі: Мужа дэпартавалі, але гэта не змусіць мяне маўчаць



Жыхарка Слаўгарада, інвалід І групы Анжаліка Калатазішвілі ўжо некалькі гадоў змагаецца за ўласнае здароўе: яна сцвярджае, што стала інвалідам з-за няправільнага лячэння, калі яе памылкова лячылі ад анкалогіі.

Яна лічыць, што адстойванне сваіх правоў і скаргі на сістэму аховы здароўя прывялі да пераследу яе мужа, Кахабера Калатазішвілі. Летась ён быў арыштаваны па абвінавачанні ў незаконным абароце наркатычных рэчываў, і 29 красавіка 2019 года Кахабера Калатазішвілі асудзілі на 2 гады, і ён адбываў пакаранне ў Магілёўскай турме, а потым у віцебскай калоніі № 3.

Мужчына з’яўляецца грамадзянінам Грузіі, ён меў від на жыхарства ў Беларусі. У пачатку жніўня Анжаліка Калатазішвілі атрымала ліст са Слаўгарадскага райаддзелу міліцыі, дзе гаварылася, што супраць яго распачата працэдура анулявання віду на жыхарства за ўчыненае на тэрыторыі Беларусі злачынства. Паводле закону, ён быў абавязаны асабіста з’явіцца на разбіральніцтва, але Кахабер Калатазішвілі на той час знаходзіўся за кратамі.

27 верасня, праз колькі дзён пасля ўмоўна-датэрміновага вызвалення, якія ён правёў пад вартай у Віцебскім ІЧУ, Кахабера Калатазішвілі дэпартавалі ў Тбілісі. Па словах жонкі, у яго няма там ні сваякоў, ні жытла, а развітацца з мужам давялося за паўгадзіны:

– Патэлефанаваў мне начальнік ІЧУ, сказаў, што мужа дэпартуюць. Каб я прыехала і прывезла яму цёплыя рэчы і нейкую перадачу. Паразмаўляць нам дазволілі паўгадзіны. А ўсё пачалося з той памылкі лекараў, калі я пачала пісаць скаргі. Яго неаднаразова выклікалі і папярэджвалі: «Калі не закрыеш ёй рот, то паедзеш у сваю сонечную Грузію». Я ж нават не ўсведамляла, што гэта за машына, і як яна працуе!

Анжаліка Калатазішвілі кажа, што не спыніць адстойваць свае правы, а таксама правы свайго мужа. Жанчына не выключае, што крымінальнае абвінавачанне было беспадстаўным, і што від на жыхарства мужу анулявалі, каб адпомсціць менавіта ёй. У Віцебску Анжаліка Калатазішвілі наведала сваіх знаёмых актывістак падчас пікету ў падтрымку палітвязняў, нягледзячы на тое, што з цяжкасцю перасоўваецца праз праблемы са здароўем.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск