Анжаліку Борыс вызвалілі ад адміністрацыйнай адказнасці



Анжаліка Борыс вызвалена ад адміністрацыйнай адказнасці праз малазначнасць правапарушэння. Такую пастанову агучыла суддзя Алена  Пятрова ў Ленінскім судзе Гародні. Анжаліка Борыс была абвінавачана ў арганізацыі масавага мерапрыемства, якое не было санкцыянавана ўладамі, – кірмаш „Казюкі”. Усіх, хто хацеў падтрымаць Анжаліку Борыс, не змаглі ўпусціць у залу суда, з-за недахопу месцаў.

На ганку суда Анжаліка звярнулася па завяршэнні працэса да сяброў саюза і адваката Віталя Пракопіка:

– Віталь Анатольевіч, вялікі вам дзякуй! Мы баранілі і будзем бараніць нашы традыцыі, нашу веру, нашу мову і нашу культуру. Я хачу ад усяго сэрца падзякаваць усіх, хто з далёкіх і блізкіх месцаў, не зважаючы на працоўны дзень, прыехаў сюды дзеля абароны польскай справы.

На працягу судовага разьбіральніцтва выявіліся шматлікія працэсуальныя парушэнні пры складанні пратакола адміністрацыйнага правапарушэння. У судовай зале быў Анджэй Пачобут, сябра Рады Саюза Палякаў у Беларусі.

– Пасля 2008 года наступіла нейкая лібералізацыя ў дачыненні да Саюза палякаў. І ніякіх рэпрэсій за такія мерапрыемствы не было. Цяпер мы бачым, ідзе чарговая хваля. І гэта вельмі сур’ёзны ўдар для Саюза палякаў, бо гэта абмежаванне культурнай дзейнасці, сцэнар якой выпрацаваны цягам дзесяцігоддзяў. І цяпер  аказваецца, што гэта ўсё незаконна, і што нам гэта ўсё будуць абмяжоўваць.

Непрызнаны Саюз палякаў адзначае сёлета 31 год з дня свайго заснавання. І штогод „Казюкі” праводзяцца, як свята майстроў ад імя гэтай арганізацыі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * * 

23 красавіка, у аўторак, у Гародні ў судзе Ленінскага раёну а 10-й гадзіне пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Анжалікі Борыс.

На старшыню непрызнанага афіцыйнай уладай РБ Саюзу палякаў у Беларусі гарадзенская міліцыя склала пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне, а менавіта „несанкцыянаванае” правядзенне ў сакавіку бягучага году традыцыйнага свята „Казюкі”.

Судзіць Анжаліку Борыс Алена Пятрова, адна з сама адыёзных суддзяў суда Ленінскага раёну. Яна сумна вядомая карнымі пастановымі ў дачыненні да многіх грамадскіх актывістаў рэгіёну. 

На працэс прыйшло многа людзей, пераважна сябраў Саюзу палякаў у Беларусі, а таксама праваабаронцаў і журналістаў. Старэйшыя людзі моляцца.

Судовая зала не змяшчае ўсіх прыйшоўшых. 

Суддзя Алена Пятрова адразу забараніла фота- і відэаздымку ў залі паседжанняў. Суддзя выдаліла тых, каму забракла месца ў судовай залі.

Абараняе Анжаліку Борыс адвакат Віталь Пракопік. Гарадзенскую міліцыю прадстаўляе Вадзім Налівайка.

Сведка з боку міліцыі Куль нават не можа выразна сфармуляваць, што за свята адбывалася ў той дзень – ні то Казюкі ні то нешта іншае. Сутнасць гэтага свята ён не ведае.

Каментуе праваабаронца Віктар Сазонаў: „Казюкі” – гэта нацыянальная традыцыя палякаў, у тым ліку і польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Людзі выходзяць на вуліцу весяліцца і святкаваць. Судзiць іх за гэта тое сама, што судзіць за знаходжанне ў Вялікдзень пад касцёлам. Складаць за гэта пратаколы – гэта дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце”.

Іншы сведка – прадстаўнік аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка сцвярджае наступнае: „У гэты дзень праходзілі „Казюкі” арганізаваныя аддзелам культуры гарвыканкаму, таму весяленне і Казюкі ў іншым месцы незаконныя. Тым больш за 50 метраў ад кансуляту Польшчы”.

У 11.20 у судовым працэсе абвешчаны перапынак на 20 хвілін.

Перапынак насамрэч расцягнуўся амаль на 40 хвілін.

Разгляд справы працягваецца. Адвакат указвае на мноства працэсуальных памылак, такіх як адсутнасць у пратаколах нумароў дыскаў, на якія пераносіўся запіс з відэакамер і іншыя.

Выступае Анжаліка Борыс. Сцвярджае што ў 2005 годзе КГБ знішчыў рэгістрацыю Саюза палякаў, але яна сябе надалей лічыць кіраўніком арганізацыі. А сённяшні суд гэта суд над традыцыямі палякаў – гэта ганьба. Больш яна нешта каментаваць і адказваць на пытанні адмовілася.

Суддзя Алена Пятрова ўсё роўна задае пытанні. Анжаліка Борыс на бальшыню з іх адмаўляецца адказваць. На пытанне чаму не бралі дазвол на мерапрыемства, Борыс адказала, што прасіць дазвол у КГБ ніколі не будзе. Яна падкрэслівае, што ўсё вырашае КГБ у дачыненні да яе арганізацыі.

Выступае адвакат Анжалікі Борыс, які паказвае ўсю абсурднасць абвінавачвання.

У судовым паседжанні абвешчаны перапынак да 14 гадзін 5 хвілін.

harodniaspring.org