Апанента “русского мира” падазраюць у экстрэмізме?



Жыхара Віцебска Сяргея Сясіцкага апыталі наконт зместу ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” і забралі мабільны тэлефон. Прадстаўнік крымінальнага вышуку паведаміў, што следчыя праводзяць праверку на наяўнасць прапаганды экстрэмізму або распальвання міжнацыянальнай варожасці.

Якім чынам ён трапіў пад увагу следчых, Сяргею Сясіцкаму не паведамілі. Ён перакананы, што нічога недазволенага на сваёй старонцы на размяшчаў, а заяву ў міліцыю маглі падаць ягоныя апаненты ў спрэчках пра “рускі мір”, бо такія пагрозы ўжо былі.

– Там выражэнне маёй грамадзянскай пазіцыі па пытаннях палітычнага жыцця нашай краіны, маё стаўленне да агрэсіўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі – усё тое, пра што я пішу даўно і на розных пляцоўках. Ад маіх апанентаў пагрозаў жыццю ці здароўю пакуль не было, але заявамі ў міліцыю пагражалі неаднаразова. Маўляў, як я смею такое пісаць. Але я ведаю законы нашай краіны – што нельга заклікаць да гвалтоўных дзеянняў, нельга прыніжаць, абражаць іншых людзей. І, вядома, гэтага я прытрымліваюся.

Праверка мабільнага тэлефона, як паведамілі Сяргею Сясіцкаму, будзе праводзіцца цягам месяца. Што да пагрозаў з боку палітычных апанентаў, то на шэрагу віцебскіх пабліках, якія прапагандуюць ідэі “адзінай Русі”, такія выказванні насамрэч трапляюцца. У тым ліку, за заклікі Сясіцкага не дапусціць у Віцебску канцэртаў выканаўцы турэмнага шансону Віктара Каліны, вядомага сваімі шавінісцкімі выказваннямі пра беларусаў і беларускую мову, а таксама фатаграфаваннем са зброяй на занятых сепаратыстамі тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Прыхільнікі “русского міра” нават спрабавалі скардзіцца на Сяргея Сясіцкага ў Следчы камітэт Расейскай федэрацыі, але вынікаў гэта не мела.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя