Апазіцыйныя арганізацыі патрабуюць вызваліць журналістаў
Аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная Грамада”, Партыя БНФ і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” патрабуюць неадкладна вызваліць незалежных журналістаў, якіх затрымалі 7 жніўня пасля вобшукаў у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і інтэрнэт-партала tut.by.
„Народная Грамада” патрабуе спыніць пераслед незалежных СМІ, вызваліць арыштаваных журналістаў і „не павялічваць колькасць злачынстваў рэжыму, за якія потым прыйдзецца адказваць яго кіраўніцтву”, гаворыцца ў заяве лідара арганізацыі Мікалая Статкевіча.
„Сур’ёзна ўспрымаць” афіцыйную версію арыштаў журналістаў „увогуле нельга”, лічыць палітык.
Навіны пра вобшукі ў рэдакцыях незалежных СМІ, лічыць старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сведчаць пра „новы націск на свабоду слова”. „Сітуацыя выглядае так, што перад сілавымі структурамі пастаўленая задача запалохаць журналісцкую супольнасць”, — гаворыцца ў яго заяве. „Відавочна, што дзяржава не хоча абараняць чыесьці эканамічныя інтарэсы, а далей абмяжоўваць свабоду слова, асабліва ў інтэрнэце. Ад імя Партыі БНФ я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых рэдактараў і журналістаў. Крымінальная справа супраць іх павінна быць спыненая, а ўсе прэтэнзіі адносна выкарыстання інфармацыйных прадуктаў павінны вырашацца ў рэчышчы грамадска-прававых спрэчак”, — заявіў Кастусёў.
Аргкамітэт БХД таксама выказаў рашучы пратэст супраць пераследу незалежных журналістаў. „Зачыстка беларускіх незалежных СМІ можа азначаць, што ўлады рыхтуюцца да сур’ёзных палітычных падзеяў. У тым ліку, магчыма, гэта з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да агульнарэспубліканскага рэферэндуму, на які можа быць вынесенае пытанне аб фактычнай анексіі Беларусі Расеяй”, — гаворыцца ў заяве сустаршыні арганізацыі Віталя Рымашэўскага.