Апазіцыянераў штрафуюць за адмову плаціць міліцыі за ахову мітынгу на Дзень Волі



Лідараў Руху «За Свабоду» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі аштрафавалі за адмову плаціць міліцыянтам за ахову мітынгу на Дзень Волі. Суд Цэнтральнага раёна Менска пакараў штрафамі заяўнікаў мітынгу-канцэрта, прымеркаванага да 101-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР. Кажа старшыня Руху «За свабоду» Юры Губарэвіч:

Прысуд абсалютна абсурдны. Ён адбыўся ў межах адміністрацыйнага працэсу супраць заяўнікаў мерапрыемства да Дня Волі, якое адбылося ў Менску 24 сакавіка. Я нагадаю, што па выніках гэтага мерапрыемства мы аспрэчваем права міліцыі атрымаць аплату за паслугі, бо яны былі зроблены з парушэннямі той дамовы, якую мы складалі ў міліцыі.

Юры Губарэвіч нагадвае, што грамадзянская супольнасць змагаецца за адмену платы для міліцыі, якую патрабуюць улады за правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Больш за месяц спрабуем упарадкаваць у межах Грамадзянскага кодэксу. Тым не менш, міліцыя прыцягвае нас да адказнасці ў межах Адміністрацыйнага кодэксу. Фактычна мы вымушаны двойчы аплачваць паслугі, якія былі зроблены няякасна і па дамове, і штрафамі праз адміністрацыйны прысуд.

Па словах Юрыя Губарэвіча, ён збіраецца абскарджваць пастанову суда Цэнтральнага раёна Менска.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя