Апеляцыя на прысуд Вітольду Ашурку будзе разгледжаная ў закрытым рэжыме
Разгляд апеляцыі на прысуд гарадзенскаму абласному каардынатару руху „За Свабоду” Вітольду Ашурку пройдзе 8 красавіка ў закрытым рэжыме, паведаміў БелаПАН брат актывіста Андрэй Ашурак.
Паводле яго слоў, пасяджэнне адбудзецца ў Гарадзенскім абласным судзе. „Усё пройдзе ў закрытым рэжыме, не будзе ні Вітольда, ні адваката”, — сказаў суразмоўца.
Ён скептычна ацэньвае шанцы на перагляд прысуду. „Я лічу, што прысуд, на жаль, застанецца без зменаў”, — заявіў Андрэй Ашурак.
18 студзеня суд Лідскага раёна (Гарадзенская вобласць) прыгаварыў Вітольда Ашурка да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і нападзе на міліцыянера (арт. 364 КК). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. 26 студзеня абарона абскардзіла прысуд. Беларускія праваабаронцы прызналі Ашурка палітвязнем.
Да разгляду апеляцыі Ашурак знаходзіцца ў гродзенскай турме № 1. У лісце сябрам ён паведаміў, што пастаўлены на прафілактычны ўлік і на яго перад прагулкай ад камеры да панадворка надзяваюць наручнікі. „Успрымаю гэтую акалічнасць як прызнанне таго факта, што я зрабіў усё правільна”, — напісаў палітык.
Падтрымаць Вітольда Ашурка на вынясенне прыгавору прыйшло каля 70 чалавек, яны сустрэлі прысуд воклічамі „Ганьба!” і „Жыве Беларусь!”. Па факце паводзін грамадзян у зале суда распачатая справа па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асоб).
Акрамя таго, распачатае адміністрацыйнае справаводства па артыкуле аб парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Па ім ужо аштрафавана некалькі чалавек, якія прысутнічалі на судзе.