Апеляцыю журналістак Андрэевай і Чульцовай разгледзяць 23 красавіка



Менскі гарадскі суд разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд журналісткам польскага тэлеканала „Белсат”, што вяшчае на Беларусь, Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай 23 красавіка.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Пачатак суда а 10-й гадзіне.

Андрэева і Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада пасля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сімвалічнай „плошчы Перамен”. Іх абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады, і прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя