Аператар тэлеканала „Белсат” Іван Куракевіч арыштаваны на 15 сутак
Аператара польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь, Івана Куракевіча 8 снежня асудзілі на 15 сутак арышту, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Іван Куракевіч і карэспандэнт „Белсата” Любоў Лунёва былі затрыманыя 7 снежня на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Яны асвятлялі традыцыйную акцыю пенсіянераў — Марш мудрасці. Пасля складання пратаколаў аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве абодвух журналістаў да суда даставілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Пазней Лунёву з ЦІП шпіталізавалі ў кардыялагічнае аддзяленне 9-й гарадской клінічнай бальніцы.
