Аператыўнікі затрымалі ў Менску патэнцыйнага байца «ІД»
Супрацоўнікі ГУБАЗ не далі магчымасці патэнцыйнаму байцу тэрарыстычнай групоўкі ІД вылецець у Турцыю. Пра гэта паведамілі сёння ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Пра тое, што з Нацыянальнага аэрапорта Менск у Турцыю павінен вылецець баявік, аператыўнікам падказалі расейскія калегі. Як высветлілася, раней завербаваны 27-гадовы жыхар Масквы прайшоў спецнавучанне ў лагеры для падрыхтоўкі членаў «Ісламскай дзяржавы».
Менск у маршруце патэнцыйнага члена ІД значыўся ў якасці транзітнага горада. Адсюль малады чалавек планаваў вылецець у Стамбул.
«Гэта не першы падобны выпадак, проста ў іх узнікаюць праблемы пры вылеце з Расейскай Федэрацыі, і яны прыязджаюць на тэрыторыю Беларусі, каб вылецець па маршруце Менск—Стамбул. Для наступнай перапраўкі на тэрыторыю Сірыі», — пракаментаваў аператыўны супрацоўнік.
Будзе вырашацца пытанне аб высылцы на радзіму затрыманага расейца. У дачыненні да яго праводзіцца праверка. Расейскі бок пісьмова пацвердзіў, што падазраваны мае непасрэднае дачыненне да тэрарыстаў ІД.