Аплачваць ЖКП па поўным кошце будуць не ўсе „дармаеды”



Аплачваць ЖКП па поўным кошце будуць не ўсе не занятыя ў эканоміцы грамадзяне, а толькі тыя, хто з`яўляюцца ўласнікамі памяшканняў і іншымі плацельшчыкамі гэтых паслуг, паведаміла на брыфінгу 27 красавіка начальнік аддзела ўпраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Жанна Папучэева.

„Да плацельшчыкаў у нас адносяцца ўласнік жылога памяшкання, наймальнік жылога памяшкання, член арганізацыі-забудоўшчыка, дольнік, які заключыў дагавор долевага будаўніцтва, і лізінгаатрымальнік”, — патлумачыла прадстаўнік міністэрства.

Гэта значыць, плата па поўным кошце будзе брацца толькі з грамадзян, якія атрымліваюць жыроўкі на аплату жыллёва-камунальных паслуг. „У выпадку калі плацельшчык будзе з`яўляцца членам сям`і працаздольнага грамадзяніна, не занятага ў эканоміцы і ўключанага ў адпаведны спіс, то налічэнне аплаты будзе праводзіцца ў агульнапрынятым парадку”, — дадала Папучэева.

Паслугі, якія не занятыя ў эканоміцы грамадзяне павінны будуць аплачваць у поўным аб`ёме, вызначаныя пастановай Савета міністраў № 314 ад 24 красавіка. Пастанова прынятая з мэтай развіцця дэкрэта прэзідэнта „Аб садзеянні занятасці насельніцтва” ад 25 студзеня 2018 года.

З 1 студзеня 2019 года асобы, уключаныя згодна з дэкрэтам у спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, павінны аплачваць па цэнах (тарыфах), што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў, а цеплазабеспячэнне — з 1 кастрычніка 2019 года.

Цяпер насельніцтва пакрывае каля 80% выдаткаў на спажываную электраэнергію, 20% — на цеплавую.

Дэкрэт „Аб садзеянні занятасці насельніцтва” быў прыняты замест дэкрэта „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года, які быў негатыўна ўспрыняты ў грамадстве і выклікаў хвалю вулічных пратэстаў. Ён абавязваў грамадзян Беларусі, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.

У развіццё дэкрэта аб садзеянні занятасці ўрад 30 сакавіка гэтага года прыняло дзве пастановы: № 239 „Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, фарміравання і вядзення базы дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне з гэтай мэтай дзяржаўных органаў і арганізацый” і № 240 „Аб зацвярджэнні прыкладнага палажэння аб пастаянна дзейнай камісіі па каардынацыі работы па садзеянні занятасці насельніцтва”.

Базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны павінна сфарміраваць да 1 снежня бягучага года. Яе плануецца абнаўляць раз на квартал.

Узровень афіцыйнага беспрацоўя ў Беларусі на канец сакавіка 2018 года склаў 0,5%. Аднак, паводле даных Белстата, разлічаных па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, фактычнае беспрацоўе складае 5,1%, або 260,6 тысячы. Гэтыя людзі не мелі працы, але актыўна яе шукалі — у адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй яны класіфікуюцца як беспрацоўныя.

belapan.by

Фота rcbbank.ru