Апошняе дзяржаўнае возера ў Бярозаўскім раёне аддадзена ў арэнду



10 гадоў арэндаваць возера Спораўскае будзе кіраўнік прыватнага баранавіцкага прадпрыемства “Глобал-Буд-Груп” Анатоль Заблоцкі, які ў мясцовай прэсе агучыў планы пераўтварэння возера ў месца адпачынку не толькі рэспубліканскага, але і еўрапейскага маштабу. Большасць апытаных жыхароў Бярозаўшчыны выступае супраць перадачы возера ў прыватныя рукі:

– Як можна аддаць гэтае возера ў арэнду, калі ў нас тут засталося адно возера, дзе рыбакам можна палавіць рыбу. А зараз куды ім дзявацца? Мы ўсё жыццё ездзім на тое возера.

– Я супраць. Нічога там не зробяць, будуць толькі “смактаць” грошы. Зрабілі на Сонечным платную рыбалку, але за што плаціць, калі арэндатар нічога туды не ўклаў. Толькі ходзіць і грошы збірае.

– Калі аддалі, значыць камусьці гэта патрэбна было.

– Я за дзяржаўнае. Таму што крыўдна, што гэтае возера робіцца нечыю ўласнасцю.

– Лепш аддаць прыватніку. Можа што палепшыць, а дзяржава дакладна нічога не зробіць.

На думку актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, які дапамагаў рыбакам адбіваць азёры ў Бярозаўскім раёне ад прыватных рук, аматарская лоўля павінна быць бясплатнай у дагледжаных дзяржавай азёрах. У прыватныя рукі можна аддаваць невялікія вадаёмы, на якія ў дзяржавы не хапае сродкаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота radzima.org