Апошняе інтэрв’ю Аляксандра Кулінковіча („Басовішча – 2018”)
У крэматорыі Паўночных могілак Менска развіталіся з Аляксандрам Кулінковічам. Прыйшлі сотні чалавек. Чарга стаяла на вуліцы. Падчас цырымоніі гучалі песні ягонага гурта Neuro Dubel. Таксама музыку адпелі паводле праваслаўнага абраду. Развітанне завершылася працяглымі апладысментамі, як прынята ў выпадку з выбітнымі артыстамі. Апошні буйны выступ Neuro Dubel адбыўся 21 ліпеня на падляшскім фестывалі „Басовішча”.
Тады ж Кулінковіч даў фактычна сваё апошняе інтэрв’ю, дзе паабяцаў чарговы альбом „НД”. З музыкам гутарылі Кастусь Багушэвіч і Радаслаў Дамброўскі.
Аляксандр Кулінковіч: Калі музыкант не хвалюецца перад канцэртам – гэта азначае, што яму пара здзіраць капыты. Усё. Я хвалююся і мае музыканты хвалююцца.
РР: Перад кожным канцэртам хвалюешся, ці толькі тут, на “Басовішчы”? Колькі гадоў вы тут не выступалі?
Аляксандр Кулінковіч: Шэсць гадоў мы не былі тут на “Басовішчы”. Мы хвалюемся калісьці менш, калісьці больш. Заўсёды хваляванне і страх ёсць. Вось сёння мы хваляваліся так, што думаў, што я… ус…сь.
РР: А калі хваляванне прыходзіць: пад сцэнай, ці ў дзень перад тым, як выступаць?
Аляксандр Кулінковіч: Недзе за паўгадзіны да выхаду на сцэну. Можа за гадзіну. Хваляванне праходзіць, калі выходзіш на сцэну.
РР: Калі я глядзеў на цябе на сцэне, я зразумеў, што ты задаволены гэтым выступам і ты задаволены сустрэчай з гэтай публікай, якая таксама вас, відаць, вельмі тут чакала.
Аляксандр Кулінковіч: Я засумаваў па публіцы “Басовішча”. Засумаваў па “Басовішчы”. Мы даўно тут не гралі. Я шчаслівы, і мне тут вельмі добра.
РР: Чаму хочацца музыкам выступаць на “Басовішчы”? Вы на “Басовішчы” адыгралі вельмі шмат канцэртаў, былі такія гады, што кожны год было вядома, што будзе Neuro Dubel, толькі не было вядома, а якой гадзіне яны зайграюць.
Аляксандр Кулінковіч: “Басовішча” – гэта паветра свабоды. Неяк усё лёгка. Справа нават не ў тым, што існуе адпаведная сітуацыя ў Беларусі. Канцэрт у лесе. Ён свабодны, ён лёгкі.
Як паведамлялася, Аляксандар Кулінковіч памёр 4 жніўня зранку ў 3-й бальніцы ў Менску з-за лёгачнай недастатковасці. На момант скону яму было 46 гадоў. Апошні альбом Neuro Dubel , які выйшаў летась, Кульлінковіч назваў Першым.
Беларускае Радыё Рацыя