Фатограф патрабуе ад БТ адзін рубель
Суд пачакае мастацкую экспертызу. У Вярхоўным судзе Беларусі разглядалі іск фатографа Антона Матолькі да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Беларускае тэлебачанне выкарыстала яго фотаздымкі ў сваім эфіры без дазволу больш за год таму.
Яшчэ ў сакавіку 2015 года фатограф і блогер накіраваў у Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію ліст-прэтэнзію, дзе напісаў пра парушэнне аўтарскіх правоў і нанясенне маральнай шкоды. Слуханні перанесеныя, бо патрабуецца мастацкая экспертыза – паведаміў у праекце «Месца для прэсы» Антон Матолька:
– Было ўзнята пытанне экспертызы. У выніку слуханняў суд прызначыў яе, прыпыніўшы тым самым судовую справу дзесьці на месяц, пакуль будзе праводзіцца гэта экспертыза. Экспертам павінна быць даказана, маюць мае фотаздымкі мастацкую каштоўнасць ці не.
Яшчэ ў сакавіку 2015 года фатограф і блогер накіраваў на адрас БТ ліст-прэтэнзію, дзе напісаў пра парушэнне аўтарскіх правоў і нанясенне маральнай шкоды:
– Гэта не жаданне зарабіць грошай, а менавіта паказаць, што аўтарскае права павінна існаваць, аўтараў трэба паважаць, іх працы, іх труд трэба паважаць. Задавалі пытанне: „Што было б, калі б прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі ў той жа дзень напісалі, патэлефанавалі б і прабачыліся?” На што я адказаў, што ніякага суда тады б не было, дастаткова было проста прабачыцца ў той жа дзень.
Нажаль, праблемы з парушэннем аўтарскіх правоў відавочныя, дадае юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Паводле яго словаў, праблема датычыць як дзяржаўных, так і незалежных сродкаў масавай інфармацыі:
– На сённяшні дзень выпадкаў абароны ці спробаў абароны парушаных аўтарскіх правоў нашмат менш, чым выпадкаў парушэння, часцей парушаюць. Я з вельмі вялікай павагай стаўлюся да журналістаў, якія бароняць свае правы і звяртаюцца ў суд па абарону. Я думаю тут важная таксама вялікая асветніцкая праца, каб навучыць рэдактараў, журналістаў асновам аўтарскага права і павазе да правоў іншых асобаў.
Антон Матолька гаворыць, што патраціў шмат часу на падрыхтоўку фотаздымкаў, апрацаваў іх і размясціў на сваім асабістым сайце і на старонцы Livejournal, папярэдне забараніўшы выкарыстанне фотаздымкаў без яго дазволу. Асноўная прэтэнзія фатографа – БТ без дазволу выкарыстала два яго фотаздымкі, а таксама парушыла яго правы на аўтарства, не назваўшы ў выпуску навінаў крыніцу фатаграфій.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by