Беларускамоўную школу ў Амельянцы могуць закрыць



“Зберагчы адзіную беларускамоўную сярэднюю школу ў Камянецкім раёне”. На платформе Change.org збіраюць подпісы пад петыцыяй з такой назвай.

Гаворка вядзецца пра вясковую школу ў Амельянцы, якая працуе ўжо больш як 40 гадоў. Кажуць жыхары вёскі:

– Гавораць, што будуць закрываць. Канешне, гэта кепска. А дзе вы бачылі што добрае? Не будзе школы, значыць, не будзе садка. Закрыюць садок – закрыюць і клуб. Закрыюць клуб, значыць, закрыецца почта. Усё! На гэтым канец.

– У нас школа на беларускай мове. Яна засталася адна сярэдняя ў раёне. Ізноў жа нашая беларуская мова. Навошта ўсё перакрываць? Усё толькі па-расейску. Так крыўдна, што людзі самі не размаўляюць на роднай мове. Як адраджаць родную мову, калі мы пачынаем з таго, што закрываем школу?

 “У шэрагу асноўных прычын, па якіх раённае кіраўніцтва збіраецца спыніць працу школы, дырэктар назваў наступныя: пажарная небяспечнасць аб’екта (школа драўляная), адсутнасць унутранага туалета і гарачай вады, адсутнасць спартыўнай залы”, – паведамляецца ў петыцыі. На дадзены момант у абарону школы падпісалася 820 чалавек.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя