Апублікаваны спіс пунктаў, дзе можна прайсці абследаванне на каронавірус



Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала спіс устаноў, дзе можна прайсці абследаванне на каронавірус COVID-19.

У краіне абсталявана прыблізна 140 пунктаў забору клінічнага матэрыялу для лабараторнага даследавання. Большасць з іх працуюць кругласутачна.

Паводле інфармацыі міністэрства, у Менску працуюць два пункты, у Берасцейскай вобласці – 43, Віцебскай – 24, Гомельскай – 7, Гарадзенскай – 19, Менскай – 36, Магілёўскай вобласці – 10 пунктаў.

Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што ў пунктах пропуску цераз мяжу праводзяць забор матэрыялу ў асоб, якія прыбылі з эпідэмічна неспрыяльных па каронавіруснай інфекцыі краін. Па стане на 3 сакавіка гэта Кітай, Іран, Італія, Паўднёвая Карэя.

«Пры вяртанні з гэтых краін (на самалёце, цягніку, аўтамабілі, аўтобусе) у пункце пропуску пры праходжанні памежнага кантролю пасажырам прапануюць для запаўнення анкету. Звесткі гэтай анкеты могуць быць выкарыстаныя для арганізацыі медыцынскага назірання і іншых неабходных мерапрыемстваў. Звесткі пра асоб, якія прыбылі ў Беларусь, перадаюцца ў паліклінікі па месцы жыхарства (часовага знаходжання)», – адзначаецца ў паведамленні.

У пунктах забору біяматэрыялу (мазку) на базе інфекцыйных лякарняў, паліклінік і кабінетаў інфекцыйных захворванняў асобам, якіх абследуюць, таксама могуць прапанаваць запоўніць анкету, калі чалавек не зрабіў гэтага на мяжы.

Міністэрства аховы здароўя звяртае ўвагу, што асоб, якія былі ў цесным кантакце з пацыентам з пацверджаным выпадкам каронавіруса (кантакты 1-га ўзроўню), ізалююць і праводзяць лабараторнае абследаванне па месцы ізаляцыі. Асобы з катэгорыі кантактаў 2-га ўзроўню (асобы з нізкай верагоднасцю заражэння, якія былі ў кантакце не доўга і не блізка) знаходзяцца пад медыцынскім наглядам, абследаваць іх лабараторна немэтазгодна.

Як паведамляе ведамства, у выпадку ўзнікнення сімптомаў рэспіраторнага захворвання (павышэнне тэмпературы больш за 37,1°С, кашаль і іншыя) у асоб, якія вярнуліся з эпіднеспрыяльных па каронавіруснай інфекцыі краін, на працягу 14 дзён пасля вяртання, а таксама ў асоб, якія адносяцца да кантактаў 2-га ўзроўню, неабходна выклікаць хуткую меддапамогу і паведаміць пра сімптомы і факт вяртання з эпіднеспрыяльнай краіны (з указаннем даты вяртання) ці пра тое, што чалавек знаходзіцца пад наглядам як «кантакт 2-га ўзроўню». Лабараторнае абследаванне будзе праведзенае па месцы шпіталізацыі.

З улікам эпідэміялагічнага становішча ўсе астатнія грамадзяне праходзяць лабараторныя абследаванні на каронавірусную інфекцыю COVID-19 толькі пры наяўнасці паказанняў і паводле накіравання лекара, нагадала Міністэрства аховы здароўя.

На сёння ў краіне пацверджаныя тры выпадкі заражэння каронавіруснай інфекцыяй. Усе тры пацыенты знаходзяцца ў ізаляцыі, клінічных сімптомаў захворвання ў іх няма, лячэнне не патрабуецца.

БелаПАН