Ці ёсць беларусы і расейцы братамі для ўкраінцаў?
Ідэалагічная дактрына пра “братэрскія славянскія народы” узнікла яшчэ ў сталінскія часы. Дактрына гэтая мела на ўвазе “старэйшага брата”, то бок расейцаў, і “братоў малодшых” – адпаведна, украінцаў і беларусаў. І хаця сучасныя этнаграфія, паліталогія і гісторыя не ведае тэрміна “братэрскасць”, гэтае слова трывала ўвайшло ў падручнікі, слоўнікі і энцыклапедыі.
На мяжы Украіны, Беларусі і Расеі, у вёсцы Сянькоўка, што на Чарнігаўшчыне, стаіць помнік славянскаму братэрству, які называецца “Тры сястры”, каля якога штогод ладзіліся братэрскія фэсты. Але ці актуальны гэты помнік і гэтыя фэсты цяпер?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война правёў у Чарнігаве апытанку: “Ці ёсць беларусы і расейцы братамі для ўкраінцаў?”
Васіль Мікалаевіч, бізнэсоўца: Беларусы – так, нашыя браты. А вось расейцы – не. Якія яны нам браты, калі расейцы забіваюць нашых хлопцаў, нашых бацькоў і братоў? Можа, засталіся яшчэ якія 5 % людзей ва Украіне, у якіх ніхто не загінуў, якія пагэтуль жыве ў СССР. Расея цяпер адыходзіць на апошні план…
Уладзімір, пенсіянер: Шчыра кажучы, я не бачу вялікай розніцы паміж украінцамі і беларусамі. Расейцы, праўда, стаяць асобна ад нас. Беларусы – нашыя браты, ва ўсялякім разе, і душою мы адзіныя. А тое, што палітыкі хочуць нас раз’яднаць, то ўжо не нашая справа. Як мы любілі адзін аднаго, так і будзем любіць! А што да расейцаў… Людзі не чытаюць, а глядзяць тэлевізар. І з тэлеэкрана нам кажуць, што расейцы – выключна ворагі. Для чалавека, які яшчэ не страціў здаровы глузд, гэта нейкая бздура…
Алена, хатняя гаспадыня: Ніколі не падзялала людзей на розныя народы. І гаварыць, што беларусы ці расейцы мне браты, а астатнія народы – не браты, я не магу. Мне няма розніцы, хто вы: француз, кітаец, беларус, украінец… Мы жывем на адной зямлі, ва Украіне, і мы ўсе дзеці гэтай краіны. А гэта азначае, што ўсе мы ў нечым браты.
Вольга, мастак: Я не магу сказаць, што мы – браты, таму што мы абсалютна розныя. Так пра ўсіх можна сказаць, што мы, маўляў, браты. Кожны народ – і ўкраінскі, і беларускі, і расейскі, — цалкам самадастатковы. Трэба з павагай ставіцца ў першую чаргу да сябе, а потым – да іншых нацый… Магчыма, я скажу не надта прыгожа, але… ідыёты ёсць паўсюдна. Ёсць у кожнай краіне адэкватныя людзі, здольныя да супрацы, да кампрамісаў, а ёсць абсалютна няздатныя да гэтага. І сярод расейцаў, і сярод беларусаў, і сярод нас. Летась была я ў Віцебску, на “Славянскім базары”. Былі сярод беларусаў людзі, якія цікавіліся нашымі справамі, спачувалі нам. З такімі прыемна пагаварыць пра ўсё: і пра творчасць, і пра нашае жыццё. А былі нейкія агрэсіўныя неадэкваты. Але ж такія людзі ёсць і ў Расеі, і ў нас ва Украіне. То можа, спярша варта высвятліць, у чым свае праблемы, а потым выяўляць тую агрэсію?
Пасля расейскай анэксіі Крыма і пачатку вайсковых дзеяў на Ўсходзе Украіны памежны фестываль украінска-беларуска-расейскага сяброўства ў Чарнігаўскай вобласці не праводзіцца.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ru.tsn.ua