Апытанне: Якія гарадзенскія прадпрыемствы самыя небяспечныя?
Гарадзенскі „Азот” – самае небяспечнае прадпрыемства горада. У Гародні больш дзясятка буйных прадпрыемстваў. Частка з іх працуе па некалькі дзён на тыдзень, як гарадзенская абутковая фабрыка, ці “Белкард”. Аднак самым вядомым з-за пазаштатных сітуацый стаў гарадзенскі „Азот”. Якія мясцовыя прадпрыемствы гарадзенцы лічаць небяспечнымі – невялікае апытанне гараджанаў:
– Канешне, відаць, “Азот”, таму што вялікая хімічная вытворчасць. Калі “бабахне”, то ўсяму гораду дастанецца. І КСМ, напэўна, таксама. Ён добра дыміць. Там каля КСМ усё белае.
– Я думаю, тыя прадпрыемствы, на якіх не выконваецца тэхніка бяспекі. Гэта можа быць у прынцыпе любое прадпрыемства.
– На маю думку, небяспечным прадпрыемствам з’яўляецца “Азот”, ужо які раз за апошні час бачым там нейкія праблемы.
– Тыя прадпрыемствы, якія звязаныя з хімічнай вытворчасцю, таму што абсталяванне ўжо састарэлае, ніхто яго не мяняў.
Ігар Лапеха, экалагічны актывіст: З такіх прадпрыемстваў у Гародні – гэта транспартная сістэма горада, яна архаічная, яна завязаная на цэнтр. З вытворчых прадпрыемстваў, натуральна, “Азот”, гэта яшчэ савецкі прамысловы монстр.
Пра тое, якое з гарадзенскіх прадпрыемстваў і якія рэчывы і ў якой колькасці выкідвае ў паветра – можна даведацца на адмысловым сайце. На ім інфармацыя пра больш за 30 прадпрыемстваў Гарадзеншчыны, аднак інфармацыі пра апошнія пазаштатныя сітуацыі на гараденскім Азоце пакуль няма.
Беларускае Радыё Рацыя