Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык атрымаў адказ з мясцовай пракуратуры
Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык атрымаў адказ з мясцовай пракуратуры за подпісам намесніцы Баранавіцкага міжраённага пракурора Іны Данільнічык. Намесніца пракурора паведаміла, што скаргу Грыка на бязмежжа, на яго думку, паводзін міліцыі Баранавіцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў, яна накіравала ва ўпраўленне ўнутраных спраў Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта.
Кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяргей Гоўша, які дапамагаў Грыку складаць скаргу:
— Баранавіцкая міліцыя груба парушае Канстытуцыю. Прасілі пракуратуру правесці расследаванне. А наша пракуратура — гэта перасыльная пошта. Мы заўсёды канстатуем гэта. Я пісаў нядаўна скаргу наконт таго, што мне незаконна выключылі святло ў гаражы. Напісаў у пракуратуру, а яна накіравала ў вышэйстаячую пракуратуру.
Рыгор Грык паведаміў у пракуратуру пра тое, што баранавіцкія міліцыянты ўжо 5 разоў затрымлівалі яго ля пад’езда яго дома беспадстаўна. Апошні раз 21 кастрычніка 2017 года. Калі супрацоўнікі міліцыі на вакзале затрымалі яго, забралі пашпарт і не далі сесці ў электрычку. Прымянялі фізічныя ўздзеянні, правакуючы на бойку. Калі гэта не ўдалося, скінулі на рэйкі. Рыгор Грык ад удару страціў прытомнасць.
Беларускае Радыё Рацыя