Арганізатар падпольнага бардэля ў Бараўлянах атрымаў 14 гадоў



Суд Менскага раёна прыгаварыў арганізатара падпольнага бардэля Вячаслава Казанава да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму і штрафу ў 400 базавых велічынь.

Суд прызнаў яго вінаватым у згвалтаванні, здзейсненым паўторна, у арганізацыі заняцця прастытуцыяй і ўтрыманні прытона.

Пасля абвяшчэння прысуду Казанаў звярнуўся да кіраўніка дзяржавы і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі з просьбай узяць справу пад асабісты кантроль. Ён не прызнаў віну ні па адным з інкрымінаваных яму злачынстваў і мае намер абскардзіць прысуд. Паводле яго слоў, пратаколы былі сфальсіфікаваныя.

„У справе не хапае дзясятка пратаколаў па маім затрыманні. У працэсе следства на сведак аказваўся націск. Гэта справа сфальсіфікаваная ад а да я. Ёсць мінімум адзін пратакол, які быў сфальсіфікаваны, што было пацверджана трыма экспертамі. З яго выдалена 51 слова, і выраз „выйшлі, трымаючыся за рукі” заменены на слова „выбеглі”. Пры абвінавачванні ў такіх злачынствах гэта вельмі істотна. гэты пратакол быў сфальсіфікаваны перад самым закрыццём справы, ужо ў гэтым годзе”, — сказаў ён у судзе.

Як раней паведамляў МУС, у ноч на 28 ліпеня 2018 года ў пасёлку Бараўляны Менскага раёна супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (ГУНіСГЛ) МУС спынілі дзейнасць падпольнага бардэля. Аперацыя па яго ліквідацыі праходзіла пры падтрымцы міліцэйскага спецназа.

„Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў мы ўсталявалі, што з 2016 па 2018 гады двое непрацуючых менчукоў здымалі катэдж для правядзення за ўзнагароджанне закрытых секс-вечарынак. Кліентаў шукалі сярод знаёмых, праз аб’явы ў інтэрнэце, сацсетках і месэнджарах. Кошт уваходу для мужчын складаў ад 200 да 370 рублёў, для пары — 120 рублёў. Прадстаўніцы слабага полу ўдзельнічалі ў мерапрыемстве бясплатна. У наступным пастаянным членам клуба падаваліся зніжкі. Грошы наведвальнікі пераводзілі на картку, мабільны тэлефон ці перадавалі асабіста арганізатарам”, — паведаміў намеснік начальніка ГУНіСТЛ Дзмітрый Цаюн.

Акрамя выпадковых удзельнікаў на вечарынках прысутнічалі прастытуткі, вядучыя тэматычных конкурсаў, бармены і іншы абслуговы персанал, паслугі якога ўваходзілі ў кошт наведвання. Таксама ў аплату ўключалі алкаголь, ежу, карыстанне саўнай і басейнам. На момант спецаперацыі ў катэджы знаходзіліся 34 мужчыны і 18 дзяўчат, сярод іх былі шлюбныя пары і студэнты. Узрост удзельнікаў вар’іраваўся ад 20 да 45 гадоў.

Адзін з удзельнікаў гэтай вечарынкі раней у каментары інтэрнэт-газеце Naviny.by адзначыў, што ў катэджы збіраліся аматары свінгу, грошы плаціліся толькі арганізатарам за ўваход. „Ніякай прастытуцыі не было, ніхто не плаціў грошы за сэкс. Гэта і ў правілах вечарынкі паказана, што прапаноўваць грошы за секс забаронена”, — распавядаў удзельнік вечарынкі.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, затрыманы мужчына раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. У 2001 годзе ён быў асуджаны за забойства, згвалтаванне і разбой на 17 гадоў пазбаўлення волі.

belapan.by