“Арганізатара” маршу недармаедаў у Берасці выклікаюць у міліцыю



Пратакол-апытанне склалі на сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, удзельніка збору подпісаў супраць падатка на дармаедства Аляксандра Кабанава.

Паводле пратакола, ён арганізаваў марш недармаедаў у Берасці 26 лютага і прымаў у ім удзел. Запыт на складанне пратакола прыйшоў з Берасця, кажа актывіст:

– Прыйшоў факс датычна таго, каб апытаць мяне ў сувязі з нядзельнай акцыяй у Берасці. Я нават не чытаў тыя пытанні, а проста сказаў, што ніякіх паказанняў даваць не буду, спасылаючыся на арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яны так гэта і аформілі: паказанні даваць адмовіўся.

Першы  пратакол-апытанне быў складзены на Аляксандра Кабанава за збор подпісаў у Берасці і Пружанах. Актывіст назбіраў 2,5 тысячы  подпісаў за адмену Дэкрэта №3.  Як стала вядома, Кабанаў толькі што атрымаў позву ў міліцыю Берасця на 5 сакавіка на 10 гадзін раніцы. І гэта за дзве гадзіны перад новым “Маршам недармаедаў”. Актывіст лічыць, што такім чынам яго хочуць не дапусціць да ўдзелу ў акцыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by