Арганізатараў незаконнай міграцыі будуць судзіць у Берасці
Берасцейскія следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да трох мужчын, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі незаконнай міграцыі.
Як паведаміла БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УСК па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова, трое жыхароў Маларыцкага раёна ў ноч на 28 студзеня 2017 года аказалі садзейнічанне грамадзяніну Расеі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы з Украінай па-за ўстаноўленых пунктах пропуску.
Зламыснікі былі выяўленыя памежнікамі дзвюх краін і затрыманыя. Устаноўлена, што мужчыны па дамоўленасці з украінскім куратарам павінны былі таемна правесці нелегала да падзяляльнай паласы, дзе той бы яго сустрэў і суправадзіў далей углыб краіны. Так, задачай 26-гадовага жыхара райцэнтра быў падвоз на аўтамабілі двух знаёмых і расіяніна ў лес. Затым 35- і 25-гадовыя жыхары вёскі Ляхаўцы пешшу разам з кліентам, якому быў забаронены ўезд у краіну-суседку, накіроўваліся ў раён сустрэчы з „прымаючым бокам”. За дапамогу ім належыла грашовая ўзнагарода.
У ходзе следства выяўлены і іншы факт пераходу дзяржмяжы грамадзянкі Украіны, якой раней была накладзена забарона на ўезд за парушэнне парадку знаходжання ў нашай краіне. Паводле паказанняў жанчыны, яна ў красавіку 2016 года накіроўвалася ў госці да сястры ў Камянецкі раён. Для гэтага праз знаёмага звязалася з куратарам, які за аплату арганізаваў яе перасоўванне.
Далей у Маларыцкім раёне яе сустрэў 26-гадовы абвінавачаны разам з іншым сваім таварышам і адвёз на месца сустрэчы са сваякамі. У цяперашні час гэты ўдзельнік схемы знаходзіцца ў вышуку.
Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе праводзіла УСК па Берасейскай вобласці. Па яго выніках фігурантам прад’яўленае абвінавачванне па ч.2 ст.371-1 (арганізацыя незаконнай міграцыі) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Матэрыялы вывучаны пракурорам і накіраваныя ў суд для разгляду.