Арганізатарка жаночых маршаў у Менску вымушаная пакінуць і Расею



Адна з арганізатараў леташніх жаночых маршаў Марына Ментусова была вымушаная пакінуць Расею, паведамляе „Наша Ніва”.

Апошнія гады яна жыла ў Маскве, аднак у мінулым жніўні прыехала ў Менск — кажа, не змагла застацца абыякавай да таго, што адбывалася. Правяла ў Беларусі некалькі тыдняў. Калі пачаліся пагрозы, з’ехала назад у Маскву — да мужа і маленькай дачкі. Удзельнічала ў акцыях каля беларускай амбасады — за гэта з ёй двойчы праводзілі тлумачальныя гутаркі. Апошнім разам папярэдзілі, што трэцяга разу не будзе. А ў жніўні па беларускім адрасе на яе імя прыйшла позва — яе выклікалі на допыт.

Юрысты параілі з’ехаць і з Расеі. Магло ўзнікнуць пытанне пра экстрадыцыю ў Беларусь. Праз знаёмых яна даведалася, што сапраўды ёсць у спісах. „Была з пазнакай пра артыкул аб злачынствах супраць асноваў канстытуцыйнага ладу і бяспекі дзяржавы, з пазнакай аб дэпартацыі. У Расеі напярэдадні выбараў зачышчаюць усё, што хоць крыху аддае апазіцыяй, затыкаюць раты і СМІ, і актывістам”, — распавяла Марына.

Яшчэ летась для асвятлення акцый дзяўчат у белым Ментусова стварыла тэлеграм-канал. Нядаўна яна даведалася, што яго прызналі экстрэмісцкім. Не выключана, што цікавасць беларускіх сілавікоў да яе звязаная з гэтым.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com/marina.mentusova